Skip to main content

Салезіянская супольнасць у Смаргоні адзначыць 25-гадовы юбілей

24 і 25 мая 2014 года адбудзецца святкаванне юбілею 25-годдзя прысутнасці і пастырскай працы салезіянскай супольнасці ў парафіі Святога Міхаіла Арханёла ў г. Смаргонь. З гэтай нагоды пройдзе сімпозіум, у якім прымуць удзел вядомыя асобы каталіцкага Касцёла.

Сярод іх - арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB з Ватыкана, сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, а таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB

Сярод удзельнікаў сімпозіума таксама першы пробашч адроджанай смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла кс. Генрых Куляшэвіч SDB, генеральны дарадчык з Рыма, адказны за рэгіон "Еўропа Цэнтр-Поўнач" кс. Тадэвуш Розмус, рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай каталіцкай місіі “Таварыства св. Фрацішка Сальскага” ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB і абласны кіраўнік салезіянаў-супрацоўнікаў, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі спадар Анатоль Выбарны, прадстаўнікі мясцовай улады.

Першы дзень будзе багаты на даклады гасцей. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч раскажа пра адраджэнне касцёльных структур пасля атэістычна-камуністычнага перыяду ў Беларусі, асабліва смаргонскай парафіі Святога Міхаіла Арханёла. Лагічным прадаўжэннем стане выступленне кс. Генрыка Куляшэвіча SDB, першага пробашча смаргонскай парафіі, які працаваў тут трынаццаць гадоў, і мае цяпер 85 гадоў, жыве ў Польшчы. Дванаццаць гадоў таму ён пакінуў наш горад, пасля гэтага ні разу сюды не прыязджаў. Прыезд ксяндза Генрыка парафіяне чакаюць з асаблівым трапятаннем.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, старшыня канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, старшыня камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў выступіць з дакладам “Моладзь у жыцці Касцёла на Беларусі”. А абласны кіраўнік салезіянаў-супрацоўнікаў, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі спадар Анатоль Выбарны раскажа, як свецкія людзі ўдзельнічаюць у выхаванні моладзі.

Апошнім з дакладам выступіць арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB. Яго можна будзе паслухаць 25 мая ў 9.15. Госць з Ватыкана, які таксама з’яўляецца салезіянінам паразважае на тэму “Салезіянская Святасць”.

Паслухаць даклады гасцей будуць мець магчымасць усе жадаючыя. Выступленні пройдуць у араторыі імя Святога Яна Боско.

24 мая ў 17.00 адбудзецца Святая Імша. У 20.00 пачнецца моладзевы фэст, на якім выступіць рок-квартэт “Open Spase” з Мінска. Напачатку канцэрта арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай звернецца да моладзі.

25 мая ўрачыстая св. Імша пачнецца ў 11.00, падчас якой асвяцяць фігуру Святога Яна Боска і памятную табліцу, іх размесцяць на будынку салезіянскай манаскай супольнасці.

"24 мая мы адзначаем свята Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, галоўнай апякункі салезіянскай кангрэгацыі і асабліва патронкі смаргонскіх салезіянаў, - кажа кс. Аляксандр Яшэўскі SDB, настаяцель салезіянскай супольнасці ў Смаргоні. – Я бачу Божы знак у тым, што менавіта мне выпаў гонар кіраваць арганізацыяй святочнага юбілею ў сваім родным горадзе. Яшчэ будучы хлапчуком я ўзрастаў пры салезіянах. Цяпер, як настаяцель супольнасці, маю магчымасць аддзячыць тым, хто быў са мной побач, хто мяне падтрымліваў і падтрымлівае, святарам і парафіянам. На свята мы таксама запрасілі падстаўнікоў мясцовай улады і праваслаўнай царквы. Спадзяёмся, што наша свята стане знакавым для ўсяго горада, нашай парафіі і для нас – салезіянаў кс. Боско.

ПРАГРАМА СІМПОЗІУМА

Галіна Антонава