Skip to main content

ІIІ Вялікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

ІIІ Вялікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Вось і скончыліся, як думалі многія, гэтыя страшныя і непрыемныя падзеі. Хрыстос памёр. Чаканні не спраўдзіліся. Прайшла і субота, у якую, па Законе Маісея, трэба было заставацца ў супакоі. Жанчыны нешта дзіўнае кажуць, што няма Хрыста ў грабніцы і анёлы кажуць, што Ён уваскрос. Напэўна, гэта толькі стрэс ад перажыванняў і трохі памутнеў іх розум, а ім здаюцца галюцынацыі. А ворагам Настаўніка мала Яго ганебнай смерці, так яны вырашылі яшчэ ўкрасці і Яго Цела.

Ну, як бы там не было, усё ўжо страчана, мары і надзеі пагаслі. Трэба вяртацца дадому да звычайных справаў. Магчыма, так разважалі два вучні, якія ўцякалі ў Эмаус, невялічкае мястэчка ў дванаццаці кіламетрах ад Ерусаліма. Падчас іх падарожжа да іх далучаецца Езус, аднак яны былі так разчараваныя, што не пазналі Яго.

 

Вучні расказваюць Езусу пра тое расчараванне якое іх напаткала. Яны спадзяваліся, што Езус праўдзівы Месія. Ён быў прарокам моцным ў слове і справе, але Яго здрадзілі, асудзілі на смерць і ўкрыжавалі, і ўжо трэці дзень як усё гэта адбылося. Вучні расчараваныя, спалоханыя і збянтэжаныя. Яны спадзяваліся, што прыйдзе збаўленне і вось нечаканы канец, фінал – Езуса, іх Настаўніка і Лідэра забіваюць. Адчуваючы развітанне, вучні просяць, каб гэты Незнаёмец затрымаўся разам з імі, і падчас праламлення хлеба разпазнаюць Езуса. І адразу вяртаюцца ў Ерузалем, каб з іншымі падзяліцца радасцю сустрэчы з Хрыстом.

Са старажытных часоў праламленнем хлеба называюць сакрамант Эўхарыстыі. Мы кожны дзень, кожную нядзелю ўдзельнічаем у гэтым сакраманце. Хрыстос прыходзіць да нас і праламляе гэты хлеб і падае нам гэты келіх. Ён кожны раз прыходзіць сюды, каб знайсці нас, пагаварыць з намі, навучыць нас, адкрыцца нам.

Паважаныя, для нас тут важна заўважыць, што Пан, калі гаворыць з намі, то хоча дыялогу, Ён хоча, каб мы гаварылі Яму тое, што мы думаем, што ў нас на сэрцы, што нас трывожыць. Бог выходзіць нам насустрач, ад нас патрабуецца толькі зрабіць высілак, каб “ўтрымаць” Яго з намі, каб выйшаўшы з касцёла, праз клопаты, справы і мітусню штодзённага жыцця, не заглушаць той голас, які пачулі.