Напярэдадні Вербнай Нядзелі ў Рыме адбылася Міжнародная сустрэча, прысвечаная пытанням Сусветных Дзён Моладзі. Па запрашэнні Папскай Рады па справах свецкіх сабраліся прадстаўнікі аргкамітэтаў Сусветнага дзён моладзі як “Рыа-дэ-Жанейра 2013”, так і “Кракаў 2016”, а таксама каля 250 дэлегатаў з 90 краін свету: прадстаўнікі епіскапатаў, 45 суполак, аб'яднанняў і рухаў маладых каталікоў.
Мэтай сустрэчы было падвядзенне вынікаў праведзеных дзён моладзі ў Рыа і абмен інфармацыяй аб ходзе падрыхтоўкі да Сусветнага дня моладзі ў Польшчы.
“Я прыйшоў сюды ў імя Госпада”
Папа Францішак
Першы дзень быў прысвечаны аналізаванню СДМ 2013 у Рыа-дэ-Жанэйра. Выступоўца, кардынал Orani João Tempesta, арцыбіскуп Рыа, прадставіў арганізацыйныя і пастырскія аспекты мерапрыемства, а таксама яго ўплыў на архідыяцэзію Рыа і на моладзевае служэнне ў Бразіліі. Гэтая краіна без страху адкрыла свае дзверы, нават самыя бедныя парафіі, маладым людзям з усяго свету.
Мір і супакой панавалі на днях моладзі, дзякуючы супольным малітвам. Прадстаўніца Лівана параўнала свой народ з трыма анёламі, якія змянілі жыццё Абрагама, прынёсшы Добрую Вестку. Пасля вяртання дадому ліванская моладзь змяніла сваё бачанне Касцёла.
Такія сустрэчы вельмі карысныя для новага пакалення моладзі, якія натуральна прыносяць свой адпаведны плён. “Я бачу ў вас прыгажосць вобразу маладога Хрыста, і радуюся, бачачы гэта, - скзаў моладзі папа Францішак у Рыа, - аддайце сваё жыццё Хрысту і яно напоўніцца любоўю. Вера – гэта рэвалюцыя, гэта рух. Менавіта гэтым шляхам павінны мы ісці”.
“Дай Пану права гаварыць з табой”
бл. Ян Павел II
“На нашым шляху ў Кракаў 2016” – тэма другога дня. Праз 25 гадоў СДМ вяртаюцца ў Польшчу. Упершыню сустрэча праходзіла ў Чэнстахове ў 1981 годзе пры ўдзеле бл. Яна Паўла II, які ў сваю чаргу прынёс шмат перамен, змяніўшы тым самым і моладзь.
Кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракава, казаў пра значэнне СДМ для дыяцэзіі, дзе будзе праходзіць сустрэча з 26 па 31 ліпеня 2016 года. У сваім выступе ён падкрэсліў, што бл . Ян Павел II, ініцыятар Сусветнага дня моладзі, з'яўляецца ідэалам святасці, якую можна адкрыць, ідучы па яго слядах.
“Маладыя людзі і папа – наша сусветная сталіца. Маладыя людзі патрабуюць увагі, яны чакаюць, калі Касцёл адкрые свае дзверы” – сказаў кард. Станіслаў Дзівіш. Таму што галоўнай ідэяй СДМ з'яўляюцца словы: “Адчыні дзверы Хрысту”. У сваю чаргу наступныя Сустрэчы ў Кракаве пройдуць пад дэвізам: “Дабраслаўлёныя Міласэрныя” .
На дадзены момант Польшча праводзіць шматлікія акцыі: P2P (people to people, pray to pray) – гэта акцыя-малітва, вяночак да Божай Міласэрнасці, якім ўвесь свет моліцца штодня у 15 гадзін; “Быць над мець”, асноўнай думкай гэтай акцыі з'яўляецца разважанне над сэнсам беднасці і галечы, гледзячы на прыклад святых; BdB (bilet dla brata), акцыя, якая праводзіцца з мэтай пакрыцця ўсіх выдаткаў, каб даехаць да Польшчы з ўсходніх краін (Арменіі, Грузіі, Украіны, Казахстану і г.д.). Таксама ў гэты дзень былі прадстаўлены канкрэтныя планы і намеры ў арганізацыі Сусветных дзён моладзі ў Кракаве, напрыклад, рэгістрацыі ўдзельнікаў, пражывання і харчавання, транспарту, валанцёрства, катэхізацыі і набажэнстваў, місіянерскіх дзён у дыяцэзіях, пастырскіх праграм і ініцыятыў.
“Дзяліцеся, дзяліцеся радасьцю”
Ян Павел II
У апошні дзень сустрэч ўдзельнікі разважалі на тэму “Інтэграцыя СДМ у рэгулярным моладзевым служэнні”. Асноўная ўвага была засяроджана на тым, як моладзевае служэньне рэагуе на новыя заклікі, прадстаўленыя Папам Францыскам ў розных частках свету.
Біскуп Юзаф Клеменс казаў аб трох асобах, аб трох папах, як аб трох Пастырах, якія вядуць сваіх авечак да жыцця ў Хрысце. Апорай Яна Паўла II была моладзь: “Моладзь – надзея мая. Вы – будучыня свету, надзея Касцёла, мая надзея”. Яго жыццю спадарожнічала радасць, але за кожным разам новая радасць. Важным аспектам дзейнасці бл. папы быў давер. Гэта дар, якім ён дзяліўся з кожным. За 2 тыдні да смерці ён сказаў: “20 гадоў таму, менавіта тут, нарадзіліся Сусветныя дні моладзі – дзверы перад Хрыстом адчыніліся, таму што вы верыце ў Яго”.
Бенедыкт XVI у сваю чаргу таксама падкрэсліваў, што кожны з нас з'яўляецца надзеяй Касцёла, Касцёл патрабуе нас. Ён заклікаў не зачыняць сваіх вачэй, таму што моладзь можа змяніць гэты свет. Касцёл у Хрысце з'яўляецца “таямніцай”, якая змяняе нашыя сэрцы.
“Вы заўсёды павінны мець маладое сэрца. Няхай Хрыстос ніколі не старэе”- словы папы Францішка. Ён вылучае тры галоўныя словы, якія спадарожнічаюць нашаму жыццю: Радасць, Крыж, Маладосць. Чалавек павінен вызваліць сябе ад матэрыяльных каштоўнасцяў. Мы можам знайсці надзею і жыццё ў бедным Хрысце, бедных дзецях, галодных і хворых, яны патрабуюць нашай увагі. Як сказаў брат Daniel Ange (прадстаўнік французскага каталіцкага духавенства): “Людзі не павінны баяцца ісці наперад, і нават рабіць спробы ісці наперад. Нам будуць ставіць перашкоды, але мы ўсё роўна павінны рухацца. Хрыстос сваім святлом забівае зло ў кожным яго праяўленні”. “Дзяліцеся, дзяліцеся радасьцю” – гэтыя словы бл. Яна Паўла II сталі заклікам наступных рымскіх пап. “Ісці без страху, з радасцю на твары”.
У нядзелю 13 красавіка, дэлегаты прынялі ўдзел ва ўрачыстым набажэнстве Вербнай Нядзелі на плошчы Святога Пятра, дзе маладыя людзі з Бразіліі перадалі палякам Крыж і абраз Маці Божай Salus Populi Romani – афіцыйныя сімвалы СДМ і знак любові Хрыста да чалавецтва.
Пасля паломніцтва па польскіх дыяцэзіях сімвалы СДМ з 29 чэрвеня па 13 снежня наведаюць 10 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: Беларусь, Літву, Латвію, Расію, Украіну, Малдову, Румынію, Венгрыю, Чэхію, Славакію.
Такім чынам, пачалася падрыхтоўка да наступнай міжнароднай сустрэчы моладзі з папам рымскім у Польшчы. За падрабязнай інфармацыяй, звязанай з падрыхтоўкай да Сусветных дзён моладзі ў Кракаве можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце.
Юлія Марчук