Skip to main content

ІІ Вялікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

ІІ Вялікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Вечарам, таго першага дня, вучні сабраліся ў тым доме, дзе правялі Апошнюю вячэру з Хрыстом. Яны ведалі пра атрутную азлобленасць юдэяў, якім удалося ўкрыжаваць Езуса, і якія цяпер могуць узяцца за іх. Таму яны збіраліся ў страху і няўпэўненасці, прыслухоўваючыся да кожнага кроку звонку і да кожнага стуку ў дзверы, баючыся, што вось-вось пасланцы Сінедрыёну прыйдуць таксама арыштаваць і іх. І калі яны так сядзелі, Езус раптам стаў пасярод іх і сказаў самае звычайнае прывітанне: "супакой вам". Аднак падчас гэтай сустрэчы не было апостала Тамаша, які пачуўшы вестку пра тое, што Езус жывы, не паверыў.

 

 Даволі часта мы чуем словы – ты – Тамаш (Фама) няверуючы, калі нас папракаюць у малой веры. Гэты стэрэатып цяжка разбурыць ў свядомасці людзей. Сапраўды, імя стала сінонімам. Спакон вякоў чалавека, якога абвінавачвалі ў малавер’і, проста называлі Тамашам няверуючым. На першы погляд усё зразумела і абгрунтавана - Тамаш не паверыў у тое, што гаварылі яго сябры - апосталы. Пры гэтым у большасці выпадкаў нам самім здаецца, што будзь жа мы на месцы Тамаша, то ўжо безумоўна паверылі б гэтай навіне.

Чалавеку наогул уласціва прыпісваць сабе неіснуючыя заслугі, роўна як і шукаць апраўдання ўласным слабасцям. Нярэдка гучаць ноткі асуджэння ў адрас апостала Пятра, які адрокся ад Езуса ў момант, калі Пан, найбольш за ўсё патрабаваў яго падтрымкі.

Мы гатовыя часам асудзіць вучняў, якія паўцякалі пасля Яго арышту, якія пакінулі Настаўніка на волю натоўпу. Мы схільныя думаць, пра тое, што я бы пайшоў за Езусам да канца. Я б ніколі не адрокся, як гэта зрабіў Пётр. Я б не зрабіў як Тамаш. Я б... і г.д. На самой справе мы паўтараем тыя ж памылкі, часта нават не заўважаючы гэтага.

Паважаныя, святы Тамаш не такі ўжо і скептык, як пра гэта гаворыцца. Хутчэй ён - рэаліст. Яго нявер'е лягчэй зразумець, калі ўспомніць тое, ЯК ПАМЁР ЕЗУС.

Многія з нас глядзелі фільм Мэла Гібсана “Страсці Хрыстовы”, які толькі часткова змог ўзнавіць карціну пакут Збавіцеля. Тым не менш, вядома некалькі выпадкаў смерці гледачоў, падчас прагляду фільма. Людзі не могуць глядзець ГЭТА нават на экране. Тамаш выдатна ведаў, ЯК умеюць біць жаўнеры, і ШТО значыць распяцце на крыжы пад пякучым сонцам. Ён проста не мог паверыць у тое, што змучанае, закатаванае да смерці, прабітае дзідай цела Езуса, можа ўваскрэснуць. Гэта - нерэальна, немагчыма. Такога проста не можа быць – “я не паверу, калі не ўбачу сам”.

Нядзіўна, што калі малаверны вучань ўбачыў раны на жывым целе Настаўніка, то не змог больш стрымліваць сваёй радасці: “Пан мой і Бог мой!”

Тое, што немагчыма чалавеку, магчыма Богу. Тамаш зразумеў, што перад ім стаіць Сам Гасподзь. І паверыў. Паверыў настолькі, што калі прыйшла яго гадзіна выпрабавання, ён не спалохаўся смерці і пайшоў за сваім Настаўнікам да канца.

Паводле падання, Апостал Тамаш прапаведаваў народам Індыі, дзе, нягледзячы на катаванні, праявіў гераічную цвёрдасць ў веры. А мы называем яго “няверуючым”. Яго працялі мячом, з-за чаго ён і памёр. Словы Езуса Хрыста здзейснілі ў жыцці Тамаша пераварот: “І не будзь няверуючым, але веруючым”. Можа і ў нашым жыцці, наступаюць дні, калі мы не можам радавацца цудоўнай вестцы пра ўваскрасенне. А можа, услед за Тамашам, паўтараем - а ці можа такое быць? ці рэальна гэта?

Езус сёння працягвае да кожнага з нас свае рукі і кажа: “Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым”.