Сёння, у Вялікі чацвер, у катэдры цэлебравалася св. Імша Хрызма, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Дапаможны біскуп кс. Юзаф Станеўскі, святары з усёй Гродзенскай дыяцэзіі прыехалі прыняць удзел у літургіі, падчас якой біскуп благаславіў алеі хворых і катэхуменаў, а таксама асвяціў святое хрызма.
Гэта таксама вялікае свята для кожнага святара, таму што ў Вялікі чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамант святарства. Ксёндз біскуп прывітаў усіх прысутных святароў: ксяндзоў прэлатаў, канонікаў, біскупскіх вікарыяў, ксяндзоў прафесараў і выкладчыкаў, духоўных айцоў, дыяканаў, клерыкаў.
На пачатку св. Імшы кс. біскуп заахвоціў прысутных вернікаў да малітвы за святароў, за новыя святарскія пакліканні, а таксама за стойкасць у ласцы паклікання да канца жыцця.
У сваёй гаміліі Яго Эксцэленцыя звярнуўся да святароў, кажучы:
"Святарства ў святле веры – гэта не прафесія і не званне, яно не з’яўляецца жыццёвым шляхам, які сам сабе выбіраеш. Святарства – гэта адказ на заклік Хрыста, які кліча тых, хто сам гэтага хоча, і дазваля ўдзельнічаць у адказным і вечным святарстве. (…) Мы не хочам і не можам дапусціць, каб святарства перастала быць самым важным зместам нашага жыцця. Яно не можа быць толькі дадаткам, адным з элементаў нашай тоеснасці. Святарства – гэта нашае жыццё, дар, які неабходна нанова адкрываць кожны дзень".
Ардынарый падзякаваў святарам за службу:
"Дзякую за вашае сведчанне, за штодзённую працу, за прапаведаванне Хрыста і Яго Евангелля, за ўдзяленне святых Сакрамантаў, за любоў і пастырскую апеку, якой ахінаеце давераную вам аўчарню".
На сканчэнне гаміліі кс. біскуп Аляксандр прывёў словы папы Францішка, якія ён скіраваў да святароў у Вялікі чацвер гэтага года:
“Паважаныя святары, няхай Бог Айцец адновіць у нас Дух святасці, з якім мы былі намашчаны, няхай аднавіць Яго ў нашым сэрцы, такім чынам, каб намашчэнне дасягнула ўсіх, нават на «перыферыі», там, дзе нашы вернікі найбольш Яго чакаюць і цэняць. Няхай нашыя вернікі адчуюць, што мы з’яўляемся вучнямі Госпада, няхай адчуюць, што мы прынялі іх імёны, што не шукаем іншай ідэнтычнасці. Каб праз нашыя словы і справы яны маглі атрымаць гэты алей радасці, які прынёс нам Ісус, Памазанец".
У час гэтай св. Імшы святары аднавілі свае святарскія абяцанні, станоўча адказваючы на 5 пытанняў ксяндза біскупа адносна святарскага служэння.
Увечары ў Вялікі чацвер адбудзецца св. Імша Вячэры Пана, якая распачне святы Пасхальны Трыдуум. У гродзенскай катэдры яна распачнецца а 19-й гадзіне.
Гамілія, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч:
Марына Белаблоцкая