Skip to main content

V Нядзеля Вялікага посту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

V Нядзеля Вялікага посту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сёння мы ўжо перажываем пятую нядзелю Вялікага Посту і ўсё хутчэй набліжаемся да святкавання Вялікадня. Сённяшняе Евангелле дыхае атмасферай ўваскрасення. Памёр Лазар - чалавек, якога Езус вельмі любіў. Яго зямное жыццё скончылася,і ён ужо чатыры дня ляжаў у магіле.

 

“Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” – кажа Пан, і пацвярджае свае словы ўваскрашаючы Свайго сябра.

Чутка пра цуд адразу стала распаўсюджвацца па ўсёй Юдэі. Многія прыходзілі ў дом Лазара, каб убачыць яго, а, убачыўшы, верылі ў Еуса Хрыста. Цуд уваскрашэння Лазара за некалькі дзён да Сваёй крыжовай смерці Хрыстос явіў не выпадкова. Ён ведаў, што наступаюць Яго апошнія дні. Ведаў, што многія адракуцца ад Яго. Гэтым цудам, Езус хацеў умацаваць веру Сваіх вучняў, даць ім надзею на жыццё вечнае, Настаунік праяўляе Сваю боскую сілу, якой падпарадкоўваецца нават смерць. Цуд уваскрашэння з'яўляецца правобразам будучага Уваскрэсення Хрыста, а разам з гэтым і наступнага ўваскрасення ўсяго чалавецтва падчас Другога прыхода Збаўцы.

Чытаючы сённяшні фрагмент, можна падумаць, што наша ўваскрасенне будзе падобна на ўваскрасенне Лазара. Аднак яно будзе выглядаць інакш. Жыццё Лазара пасля яго ўваскрэсення зноў было накіравана да смерці. Ён вярнуўся да сваіх звычайных абавязкаў, радасцяў і працаў і потым памёр другі раз. Мы ж пасля нашага ўваскрасення ўжо не вернемся да зямнога жыцця; пачнём зусім іншае жыццё. Мы ўвойдзем у свет, дзе ўжо не будзе смерці, дзе не будзе пакут, сямейных праблем, клопатаў аб хлебе, адзежы і г.д. Увойдзем у свет, дзе будуць валадарыць Божыя правілы, правілы жыцця вечнага.

Разважаючы сёння над Евангеллем аб уваскрасенні Лазара, мы павінны памятаць пра тое, што смерццю не заканчваецца жыццё чалавека. Бог праводзіць Лазара праз магілу, дзеля таго, каб паказаць, што смерць нічога не заканчвае і не вырашае. Жыццё нельга засыпаць зямлёй. Наша жыццё не скончыцца, але зменіцца і Бог нас уваскрасіць у Апошні Дзень, каб мы жылі разам з Ім вечна.