Skip to main content

ІV Нядзеля Вялікага посту. Кс. Андрэй Кеўлюк

ІV Нядзеля Вялікага посту. Кс. Андрэй Кеўлюк

Езус сказаў: “Ці верыш у Сына Чалавечага?” Той адказаў: “А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?” Езус сказаў яму: “Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою. ”Ён жа сказаў: “Веру, Пане!” І аддаў Яму пашану. (Ян 9,40-41)

Сёння мы з Вамі, паважаныя браты і сёстры, сталі сведкамі аздараўдення сляпога ад нараджэння чалавека. Усё яго жыццё было цемрай. Аб навакольны асяроддзі, як што выглядае, якія мае рысы, колер, велічыню ён даведваўся ад сваіх бацькоў, ад знаёмых, ад спатканных людзей, ці датыкаючыся да гэтых рэчаў сваімі пальцамі. На данны момант на нашай планеце налічваецца каля 40 мільёнаў сляпых людзей – многія з іх страцілі зрок на працягу свайго жыцця: у старэйшым узросце, па хваробе, пасля якога-небудзь выдарэння. Па данным САЗ у свеце кожную хвіліну нараджаецца сляпое дзіця, на сённяшні дзень такіх дзяцей налічвацца каля 1,5 млн. Жудасная статыстыка, паважаныя.

Праз сённяшні цуд Езус хацеў паказаць кожнаму з нас праўду аб тым, што Ён Сын Божы, што Ён той, на каго чакалі многія пакаленні, а таксама праўду, што Ён можа змяніць нашае жыццё. Перавярнуць яго з ног на галаву, калі мы гэтага захочам, калі будзем трывала прасіць аб нечым – то будзем выслуханыя. Самае галоўнае, каб наша малітва была малітвай даверу Богу і каб мы ўмелі згадзіцца з Яго воляй, нягледзячы ні на што і нягледзячы на меркаванні навакольных. Усё гэта мы з Вамі бычым у сённяшнім Евангеллі.

Хацеў бы з Вамі падзяліцца сведчаннем цуду з Чэнстаховы, які мае быць доказам даверу да Бога, згоды з Яго воляй, і пакажа кожнаму з нас, што Бог выслухоўвае малітвы тых, хто Яго просіць “Некалькі гадоў таму з пад Чэнстаховы прыехала сям'я з цяжка хворым сынам, які меў 9 месяцаў. Ужо памерла ў іх 11 дзяцей, якія жылі не больш за адзін год. Таксама і гэты сын Мар'ян цяжка захварэў і знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці. У чэнстахоўскім шпіталі па вуліцы св. Барбары доктар засведчыў, што не зможа нічым дапамагчы: “Тут толькі Ясная Гара”. Бацька дзіцяці вярнуўся на Ясную Гару, каб маліцца. Калі аднак прыйшоў у бальніцу – дзіця памірала, урач засведчыў што гэта канец… Бацька ў роспачы кідаецца на зямлю і пранізлівым голасам крычыць: “О Божа, Ты забраў у мяне столькі дзяцей, пакінь хоць гэта адно”. Прысутныя пры гэтым заплакалі, а некаторыя проста ўцяклі, каб не чуць і не бачыць гэтага. Праз хвіліну аднак былі заўважаны прыкметы паляпшэння здароўя дзіцяці – надзея на жыццё. Пасля агляду доктар ствердзіў: “Так, Ясная Гара – цуд”, і Мар'ян жыве.

Незвычайнае выдарэнне, дарагія. Многія могуць запытацца, а чаму ж Бог не вылечыць усіх людзей, чаму мы з Вамі хварэем, паміраем на цяжкія хваробы. Мне асабіста цяжка на гэта адказаць. Але я веру, што на ўсё Яго воля, і Ён найлепш ведае, што будзе карысным для нашай душы. Бо мы з Вамі ў большасці сваёй жывём зямнымі рэаліямі, забываючыся, што нашае зямное пілігрымаванне рана ці позна закончыцца, і кожны з нас павінен будзе спаткаць Бога-Айца. Ці задумваліся мы, якое гэта будзе спатканне?

Богу залежыць на нашай душы, залежыць на тым, каб яна трапіла ў Рай, каб кожны з нас мог цешыцца хвалай збаўленых.

Напэўна многія з нас не патрабуюць аздараўлення фізічнага, але як шмат з нас патрабуюць аздараўлення духоўнага. Патрабуюць асабістага спаткання сам-насам з Езусам. Няхай цяперашні час Вялікага Посту будзе для нас карысным і плённым, як гэта было для сляпога з сённяшняга Евангелля, для самаранкі з мінулага тыдня, для Нікадзіма, для Паўла і для многіх іншых – спатканне з жывым Богам адмяніла іх жыццё. Няхай таксама і кожны з нас спаткае Езуса – бо Ён шукае нас, нават тады, калі мы не шукаем Яго, каб даць нам Свой свет, каб мы сталі, як кажа Павел да эфесцаў, святлом у Пану.