IV Нядзеля Вялікага посту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Сёння ў Евангеллі мы бачым, як Езус аздаравіў ад нараджэння сляпога чалавека. Сляпы сядзеў каля дарогі і прасіў міласціну. Людзі бачылі яго няцвёрды крок, бачылі, як ён асцярожна перасоўваўся з дапамогай кія ці трымаючыся за сцены, а цяпер з радасцю на твары ідзе ўпэўненым крокам, атрымліваючы асалоду ад жыцця. Раней яго жыццё залежала ад таго, колькі на працягу дня пададуць яму добрыя людзі і ці зможа ён на гэтыя грошы купіць сабе дзённы пражытак, а цяпер ён можа працаваць і жыць поўным жыццём.
Зразумела, што ніхто з нас не хацеў бы апынуцца ў такім становішчы. Вядома, што вочы - орган, які мае вельмі важную ролю ў нашым жыцці. Амаль 80 % усёй інфармацыі чалавек атрымлівае праз зрок. Калі ж чалавек пазбаўляецца яго, то гэта сур'ёзна абмяжоўвае яго светаўспрыманне. І гэта звязана не толькі з тым, што ён не можа бачыць ўсёй прыгажосці Божага стварэння. Такі чалавек не ў стане пайсці вучыцца, як гэта адбываецца ў звычайных людзей; ён не можа паўнавартасна працаваць; для такога чалавека вельмі складана самастойна перасоўвацца ў незнаёмай мясцовасці.
Паважаныя, кожны чалавек, які сёння жыве без Бога, вельмі моцна падобны да сляпога жабрака. Гісторыя з сённяшняга Евангелля, для нас мае нашмат больш глыбокі сэнс, чым проста аздараўленне сляпога. Езус хоча сёння не толькі вылечыць чалавечае цела, але перш за ўсё ацаліць нашую зраненую грахамі душу. Ён хоча, каб мы глядзелі на жыццё вачыма веры. Сляпы праз некалькі дзён пасля свайго аздараўлення зноў сустракае Езуса, які пытаецца ў яго: “верыш ты ў Сына Чалавечага?”
А як я сёння адкажу Езусу падчас маёй нядзельнай сустрэчы з Ім? Езус, які аздараўляе мяне ў сакрамэнце пакаяння і ўмацоўвае мяне сваёю ласкаю ў таямніцы Эўхарыстыі, пытае мяне: ці верыш ты ў Божага Сына, які гаворыць з табою, ці хочаш прыняць Яго слова, ці хочаш з любоўю дапамагаць іншым людзям і хочаш сведчыць пра Мяне? Хрыстос зноў адкрывае сёння нашыя хворыя вочы, хай яны дапамогуць табе знайсці праўду і радасць выканання Волі Божай. Давайце ж будзем вучыцца ад Езуса Хрыста любіць людзей, не праходзіць міма тых, хто церпіць, заўважаць іх, дапамагаць ім, разумець і не асуджаць. Вялікі пост з’яўляецця для гэтага найлепшай нагодай.