Skip to main content

У Гродзенскай катэдры трывае адарацыя Крыжа

"Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною." (Мц 16,24) Вялікі пост - гэта час, калі мы асаблівым чынам разважаем аб муках і смерці Пана Езуса, гэта час узрастання любові да Бога праз прыватную малітву, супакой і сакрамант паяднання.


 Кожную сераду ўжо на працягу трох гадоў у парафіі Св. Францішка Ксаверыя адбываецца адарацыя Крыжа, падчас якой вернікі праз малітву разважаюць над сваім жыццём і аддаюцца Езусу на крыжы. 

Адарацыя распачалася Літургіяй слова і чытаннем Евангелля. 

Далей прысутныя маліліся да Духа Святога і разважалі над Божым словам. 

Кранае душу малітва вернікаў, калі кожны можа падыйсці да крыжа і папрасіць аб патрэбных ласках, памаліцца.

Катэдральная моладзь рыхтуе адпаведныя спевы, якія ствараюць малітоўную атмасферу.

 

У кожную сераду адарацыя сваеасаблівая, яна мае сваю тэму. Напрыклад у апошнюю сераду прысутныя разважалі над пытаннямі: “Чаму мы баімся праўды?” і “Чаму мы баімся казаць праўду?”.

Існуе шмат прычын, чаму нам так цяжка прызнацца ў праўдзе аб сабе: адносна сябе, акружаючых і Бога. Першая прычына – гэта страх аб асабістым абліччы: не гаворым праўду, бо баімся, што праўда аголіць нас ад нашых заганаў і слабасцей.

Другой прычынай з’яўляецца боязь адкрыць сваё ўласнае меркаванне. Мы лічым, што лепш не рызыкаваць, каб толькі іншыя не павярнуліся супраць нас.

Трэцяя прычына - гэта боязь зрабіць заўвагу бліжняму, а сабліва сябру.

Уцёкі перад адказнасцю за ўчыненае зло – гэта чацвёртая прычына. Мы баімся, што праўда раскрые нашыя дрэнныя ўчынкі.

Пятая – наўмысна знішчыць бліжняга. Публічнае агаворванне бліжняга мае мэту адабраць добрае імя і зруйнаваць яго жыццё.

Шостай прычынай затаіць праўду з’яўляецца імкненне да сваёй мэты коштам іншых.” (урыўкі з разважанняў)


Езус на Крыжы чакае кожнага. Адарацыя кожную сераду – добрая нагода прысвяціць малітве крыху больш часу, асабліва ў Вялікі пост, каб разам з Хрыстом узрастаць у веры і адзінстве.

Вольга Сяліцкая