Skip to main content

Святы Юзаф - прыклад сапраўднага бацькоўства (фотарэпартаж)

19 сакавіка Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Паводле традыцыі ў касцёлах у гэты дзень  моляцца за ўсіх мужчын, каб яны, спазіраючы на прыклад св. Юзафа, былі добрымі мужамі і бацькамі. Ва ўрачыстасць зямнога апекуна Езуса, свае імяніны адзначае Яго Эксцэленцыя Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі. Сёння, семінарыйная супольнасць разам са святарамі, працаўнікамі Гродзенскай семінарыі і курыі, сабраліся а 12-й у капліцы ВСД на св. Імшы, каб памаліцца за шаноўнага імянінніка. Рэдакцыя grodnensis.by віншуе кс. біскупа Юзафа і ўсіх, хто носіць гэтае прыгожае імя з днём іх нябеснага заступніка і жадае шматлікіх Божых ласкаў, адвагі і сілы ў рэалізацыі паклікання!

Імя Юзаф абазначае "Бог памножыць"

У гэты дзень Св. Юзаф з’яўляецца патронам паўсюднага Касцёла, патронам асаблівым, бо з’яўляецца пракладам сапраўднага бацькоўства: ён быў любячым, клапатлівым, чулым, мудрым, прысутным увесь час, забяспечваў бяспеку і служыў сваёй сям’і, адыходзячы ў цень. Такім чынам ён стаў яскравым вобразам бацькоўскай любові Бога. Напэўна, некаторыя рысы Езуса сталі адлюстраваннем асобы св. Юзафа.

Хоць ён не быў сапраўдным бацькам Езуса, паводле габрэйскага права, як муж Марыі св. Юзаф быў Яго бацькам і апекуном.

Першым пра св. Юзафа пісаў св. Іеранім (пам. У 420 г.) Папа Леон ХІІІ прысвяціў св. Юзафу энцыкліку, Пій Х зацвердзіў Літанію да св. Юзафа, а Ян ХХІІІ уключыў яго імя ў рымскі канон. Бл. Ян Павел ІІ выдаў пастарскі ліст “Redemptoris custos”, у якім паказвае св. Юзафа, як узор мужчыны ў нашыя часы.

 З выкарыстаннем матэрыялаў ekai.pl