Skip to main content

Кс. Мікалай Ціхановіч: “Аздараўленне верай не з'яўляецца “заменнікам” прафесійнай медыцыны, але павінна яе суправаджаць”

Сучасны свет прапануе шмат спосабаў лячэння ад хвароб. Паліцы кнігарняў, старонкі інтэрнэт-рэсурсаў прыцягваюць увагу інтрыгуючымі назвамі кніг і артыкулаў. Шматлікія аўтары прапануюць “правераныя на сабе” і “дзейсныя” метады выратавання сябе ў крытычных сітуацыях, запэўніваючы чытача, што ён у стане вылечыць сябе сам. Пра аздараўленне кажа таксама і Касцёл. Але як не заблытацца ў пошуку правільнага шляху да аздараўлення? Дзе яго шукаць? Як яго атрымаць? Хто аздараўляе? На гэтыя і іншыя пытанні, якія тычацца аздараўлення, мы папрасілі адказаць душпастара службы аховы здароўя г. Гродна, кс. Мікалая Ціхановіча.

 

Кс. Мікалай, што хрысціянства разумее пад словам аздараўленне?

Трэба пачаць з таго, што чалавек паводле хрысціянскага светапогляду створаны паводле “Божага вобразу” і па сваёй прыродзе спалучае духоўны і матэрыяльны свет (пар. ККЦ 355). Чалавек – духоўна-цялеснае стварэнне. Таму, калі кажам аб аздараўленні чалавека, трэба заўсёды пра гэта памятаць. Каталіцкі Касцёл вызнае веру ў тое, што Хрыстос прыйшоў на зямлю вылечыць усяго чалавека – яго душу і цела.

Дзеля вылячэння ад хваробы людзі здзяйсняюць далёкія паломніцтвы, здольныя выстаяць вялізныя чэргі каб ушанаваць рэліквіі святых, гадзінамі моляцца перад іх абразамі. Ці з'яўляюцца такія паводзіны гарантыяй аздараўлення? Што павінен рабіць чалавек, які шукае аздараўлення праз Касцёл?

Бог не стварыў нас хворымі і пакутуючымі. Да той пары, пакуль чалавек знаходзіўся блізка Бога, ён не павінен быў ні пакутаваць, ні паміраць. Не дзіўна, што дзеля вылячэння ад пакут (фізічных і духоўных немачаў) людзі здольныя на вялікія ахвяры. Аднак, паводле мяне, перш, чым шукаць сілай веры аздараўлення з хваробаў, трэба памятаць, як мінімум пра дзве ісціны: прычыне існавання пакут (як аднаго з наступстваў граху) і Аб’яўленні Бога, Які паслаў Сына Свайго ў свет, каб свет быў збаўлены праз Яго (пар. Ян 3,17). Калі хтосьці з верай перажывае свае пакуты і пакорна моліцца, гэта і з'яўляецца гарантыяй аздараўлення верай, а не сам факт паломніцтва або частата пакланення абразам ці рэліквіям святых. Інакш, не атрымаецца пазбегнуць скрайнасцяў. Каталіцкі Касцёл заўсёды папярэджвае, што падобныя (вышэй згаданыя) практыкі не могуць перараджацца ў забабонныя або фанатычныя паводзіны. Супольнасць Касцёла – гэта Містычнае Цела Езуса Хрыста, у якім Ён ратуе і аздараўляе Божы Народ. Таму слухаючы вучэнне Касцёла, вернікі ў першую чаргу павінны, правільна карыстацца ўсімі Яго дарамі.

Хто на самой справе аздараўляе? Чаму мы молімся канкрэтным святым, калі аздараўляе сам Бог?

Ведаеце, калі казаць пра аздараўленне верай, то я абсалютна перакананы, што ў звышнатуральным аздараўленні (у розных яго формах – фізічнай або духоўнай) дзейнічае сам Бог. Хоць ласка аздараўлення была перададзена таксама апосталам і Касцёлу: “Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач” (Мц 10, 1), але аздараўленне здзяйсняецца сілай, якая належыць Богу ці Езусу Хрысту, Яго Сыну ў Духу Святым.

А што тычыцца дапамогі святых, то проста трэба правільна разумець веру ў іх заступніцтва. Паводле навучання Касцёла, дару аздараўлення, які ад Бога атрымлівалі некаторыя святыя, папярэднічала іх праведнае жыццё, пост, малітва, шматгадовая праца над сабой, поўнае адрачэнне ад выгоды і чалавечай славы. Здаралася часта, што адкрыта вызнаючы веру ў Хрыста яны прымалі пакутніцкую смерць. Таму Госпад, дзякуючы нашым малітвам праз іх заступніцтва, адказвае аздараўленнем. Аднак, гэта не святыя вылечваюць, але сам Бог.

Многія, спадзеючыся на малітву, адказваюцца ад лячэння. Ці можа мець месца такі падыход?

Так, я чуў і чытаў, што шэраг радыкальных пратэстанцкіх супольнасцяў адмаўляюцца ад выкарыстання медыцыны, лічачы гэта праявай недаверу да Бога. Я з гэтым не зусім згодны.

Трэба адзначыць, што нават Біблія не забараняе выкарыстанне медыцынскай дапамогі, а наадварот заклікае: “дай месца лекару, бо і яго стварыў Гасподзь...” (Сір 38, 12-13). А цар Саламон называе лекаванне дабратворным (Прыпавесць 17, 22). Вядома, веруючы чалавек мае права цалкам спадзявацца на Бога, і гэта яго асабістае права. Аздараўленне ў рэлігійным сэнсе не можа адмовіць навуковага (медыцынскага) падыходу да лячэння, бо розум не можа супярэчыць веры. Я лічу, што аздараўленне верай не з'яўляецца адным з метадаў альтэрнатыўнай медыцыны (як лічаць некаторыя) або нетрадыцыйнай формай лячэння. Яно нават не можа быць “заменнікам” прафесійнай медыцыны, але павінна яе суправаджаць – “у хваробы тваёй не будзь неахайны, але маліся Госпаду, і Ён ацаліць цябе” (Сір 38, 9).

Многія шчыра вераць у аздараўляючае дзеянне вады, солі, аліўкавага алею і чакаюць хуткага лячэння. Захварэў, папіў вады, памазаў алеем, і ўсё прайшло. Некаторыя людзі прыкладваюць выявы святых да хворых месцаў, імкнуцца любымі шляхамі дакрануцца да рэліквій святых, разлічваючы на магічнае іх дзеянне. Як ставіцца да такіх паводзінаў?

Сапраўды, у такіх сітуацыях чалавек паддаецца забабоннасці і рытуалізму; а. Джэймс Манджакал неяк пісаў: “… звязваць дзейснасць малітваў або сакрамэнтальных знакаў з адным толькі матэрыяльным бокам, выключаючы іх духоўную, невідочную рэчаіснасць, азначае паддацца забабонам”. На жаль, сярод хрысціянаў ёсць немала людзей, якія надаюць магічнае значэнне касцёльным знакам і абрадам. Напрыклад, падчас абраду акраплення, калі кропля святой вадой не трапляе на верніка, той можа лічыць, што Божая ласка да яго не “дайшла”.

Касцёл, моцаю Духа Святога, працягвае місію Езуса Хрыста. Яго справа аздараўлення і выратавання асаблівым чынам рэалізуецца ў сакрамэнтах Пакаяння і Намашчэння хворых або ў заступніцкім служэнні аздараўлення (у харызматычных рухах), але ніякім чынам ў магічных дзеяннях і рытуалах. Гэта праўда, што ў сваім служэнні Касцёл выкарыстоўвае сакрамэнталіі, якія ўстаноўленыя Касцёлам для асвячэння нашых шматлікіх штодзённых абавязкаў (ККЦ 1668). Аднак і тут трэба разумець, што сакрамэнталіі – асвечаная вада, соль, масла ці іншыя прадметы, або нават рэліквіі святых, не здольныя ўдзяліць ласкі Духа Святога, як у выпадку сакрамэнтаў, і самы з сябе не маюць аздараўленчага дзеяння. Асвечаныя касцёльнай малітвай, яны толькі падрыхтоўваюць вернікаў да прыняцця дароў і ўздальняюць чалавека да супрацоўніцтва са Святым Духам, але ніякім чынам не замяняюць асабісты кантакт з Богам.

Якія найбольш частыя памылкі здзяйсняюць хворыя на шляху да аздараўлення?

На мой погляд, гэта няўменне годна прыняць сам факт хваробы – яе прычыны і наступствы, што найчасцей прыводзіць да панікі і пошуку дапамогі неабдуманым спосабам. Другая – гэта празмерная канцэнтрацыя на цудах. Калі чалавек не атрымлівае аздараўлення, прыходзіць расчараванне ў веры.

Вялікая колькасць людзей звяртаецца да Бога за аздараўленнем, але атрымліваюць яго толькі адзінкі. Ад чаго залежыць такая магчымасць?

Аздараўленне з хвароб і пакут на Зямлі – гэта не галоўная, але істотная місія Езуса і Яго Касцёла. Месія прыйшоў, каб выратаваць чалавечы род ад вечнай смерці: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10,10б). Аздараўленні, якімі Бог адорвае вернікаў, павінны найперш разглядацца, як знакі сведчання Яго жывой любові і клопату. Нават “калі і маральны закон заклікае да павагі цялеснасці, ён, аднак, не робіць з яе абсалютнай каштоўнасці” (ККЦ 2289). Канцэнтрацыя на фізічным здароўі і на зямных дабротах можа прывесці да страты найважнейшага – вечнага жыцця. А “якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?” (Мц 16,26). Бо сапраўды “лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, ў агонь нязгасны” – кажа Езус (Мк 9, 43 б).

Наогул, можа быць і так, што людзі шукаюць больш знакаў і аздараўляючай ласкі Бога, чым Яго самога. Аб празмернай канцэнтрацыі на цудах, Езус выказаў сваё адназначнае стаўленне да такіх людзей: “род гэты ліхі, ён шукае знаку, і не будзе дадзена яму, акрамя знака Ёны” (Лк 11,29 б). Я думаю, што магчымасць аздараўлення залежыць ад жывой веры чалавека, які сапраўды пакорліва давярае сябе Богу. “І Езус сказаў яму (сляпому): Будзь відушчым! Вера твая выратавала цябе” (Лк 18,42; Мк 10,52 а).

Як можна растлумачыць тое, што многія святыя, пакутавалі і паміралі ад невылячальных хваробаў?

Мала таго, многія святыя нават прасілі Бога, каб Ён спаслаў на іх пакуты. Яны добра разумелі Евангелле. Бо жыццё ў веры заснавана на наследаванні Хрыста ва ўсім, што не можа выключыць Яго пакут. Таму дзеля большай дасканаласці або дзеля ахвяры на карысць навяртання і выратавання чалавечых душ, многія святыя суперажывалі ў пакутах з Хрыстом.

Усім добра вядомы фрагмент з Бібліі, дзе Езус аздараўляе разслабленага, якога прынеслі да Езуса сябры. Ці значыць гэта, што ў аздараўленні могуць дапамагчы родныя і блізкія хворага? Якая іх у гэтым роля?

Несумненна. У Евангеллі ёсць нямала прыкладаў, калі людзі прыводзілі да Езуса хворых, і Ён аздараўляў іх (Лк 4,40). Збаўца асабіста пасылаючы вучняў, сказаў ім, каб ішлі і прапаведавалі іншым тое, што чулі і бачылі. Такім чынам яны прыводзілі людзей да Бога. Удзел родных, блізкіх, сяброў, святароў і медыкаў ў служэнні людзям, якія пакутуюць, мае вялікае значэнне. Разуменне, спачуванне, любоў і вера гэтых людзей даюць хвораму велізарную надзею на аздараўленне.

Папа Францішак, калі разважае пра значэнне сакраманту намашчэння хворых, прыпамінае, што супольнасці Касцёла, сам Госпад штодзённа давярае параненых целам і душой, каб праз гэта сведчыць аб Божай любові і міласэрнасці.

Існуе меркаванне, што калі місія чалавека на Зямлі выканана, ён памрэ, а калі ён чымсьці можа паслужыць Богу, яму будзе дадзены другі шанец. Ці значыць, што калі пацыент аздараўляецца, Бог чагосьці ад яго чакае?

Складанае пытанне. У Госпада свае шляхі, пра якія людзі не ведаюць. Але ўсведамляючы, што асноўнай місіяй Хрыста на Зямлі з'яўляецца выратаванне чалавецтва, людзі павінны выкарыстоўваць усе дадзеныя ім магчымасці і клапоцячыся не толькі пра самых сябе.

Не атрымаўшы аздараўлення, хворыя часта звяртаюцца да народных лекараў, усходніх практык лекавання цела. Што Вы ім можаце параіць? Чым гэта так небяспечна?

Я з’яўляюся каталіцкім святаром і я не веру ў такіх “лекараў”... Акрамя намашчэння хворых, каталікі прызнаюць, што Святы Дух дае некаторым людзям асаблівы дар аздараўлення. Але гэтыя людзі павінны дзейнічаць з дазволу і благаслаўлення Касцёла. Акрамя таго, іх дар павінен адпавядаць крытэрам, якія вызначаюць рэчаіснасць харызмы. Усякія магічныя абрады, замовы, заклінанні або іншыя падобныя дзеянні (напр., выліванне воску, выкочванне скразнякоў), здзейсненыя “народнымі лекарамі”, нельга назваць дарамі Святога Духа ў касцёльным разуменні.

Адносна аздараўленняў праз практыкаванне абрадаў запазычаных з ўсходніх язычніцкіх практык, скажу коратка: хрысціянін не можа звяртацца да аздараўленчых спосабаў і метадаў, якія не маюць у сабе хрысціянскага пачатку. Большасць ўсходніх практык лекавання вынікаюць з буддызму і індуізму (дзе Бог разумеецца, як чароўная энергія), а гэта кардынальна супярэчыць хрысціянству. Трэба заўсёды даследаваць вытокі гэтых “аздараўляючых метадаў”, інакш можна трапіць ў повязі ідалапаклонства.

Ці аздараўляе Бог сёння? Ці мелі месцп выпадкі аздараўлення ў Вашай святарскай практыцы?

Вядома аздараўляе!.. Езус уваскрос і моцаю Духа Святога дзейнічае і працягвае сваю місію. Сёння Ён таксама праяўляе сваю эмпатыю да хворых і знямоглых людзей. Вы спытаеце, чаму аздараўленняў не так шмат? Я ўжо спрабаваў адказаць вышэй. Трэба перш за ўсё шукаць Божага Валадарства, а Гасподзь, паводле нашай веры і Сваёй волі, спашле нам неабходную ласку.

Што тычыцца маёй святарскай практыкі: хачу адзначыць, што Бог даў мне чулае сэрца да хворых і знямоглых. Мне заўсёды хочацца дапамагаць такім людзям. Нават нейк калісці меў крыўду да Бога, чаму Ён не аздараўляе патрабуючых паводле маёй святарскай просьбы. Зусім нядаўна прачытаў думкі дамініканца а. Лео Томаса, які, каля трыццаці гадоў, займаецца служэннем дзеля аздараўлення. У адной са сваіх кніг ён напісаў: “калі пасля свайго ўваскрашэння Езус даючы Пятру заданне, не казаў “ідзі чыніць цуды”, але “пасі авечак Маіх” (Ян 21, 17). Таксама, Езус не казаў пра сябе: “я лекар або цудатворац”, але “Я добры пастыр”. Цяпер, я пачынаю больш глыбей усведамляць, што Бог заклікаў мяне перш за ўсё пасвіць Яго авечак. Калі я буду пасвіць Яго авечак з любоўю і спагадай, Ён сам будзе іх лекаваць і, магчыма, мяне адорыць такім дарам.

У сваёй практыцы я пакуль што не магу засведчыць пра канкрэтныя выпадкі цудоўных аздараўленняў. Аднак ведаю людзей, якія атрымалі іх ад Найвышэйшага. Я памятаю таксама розныя сітуацыі, калі праз маё служэнне людзі атрымлівалі вялікую колькасць ласкаў і хутчэй вылечваліся ад фізічных і псіхалагічных хваробаў, не кажучы ўжо пра духоўныя дары. Думаю, што пра гэта можа сведчыць кожны святар.

Як распазнаць Божую волю – мы молімся і спадзяёмся на Божую міласэрнасць, што Ён нас аздаравіць, але ў той жа час павінны прымаць Яго волю. А калі Яго воля ў тым, каб чалавек пайшоў з жыцця, г.зн. не атрымаў фізічнага аздараўлення, ці ёсць сэнс прасіць аб аздараўленні? Ці можна нейк наогул малітоўна паўплываць на Яго волю?

Прасіць заўсёды можна і трэба. Да гэтага заклікаў сам Езус. Калі сапраўды просім з верай і надзеяй на Яго волю, то нават калі вынік будзе зусім іншы, чым мы чакалі, ён не прывядзе нас да адчаю. Пасля такой малітвы на душы будзе спакойна і лёгка – гэта ласка Святога Духа. Сапраўдная малітва – гэта не “гандаль”, а тым больш не “загад” Богу. Гэта дыялог дзіця з Айцом. А такі дыялог не можа не паўплываць на ратуючую Божую волю, нават калі чалавек не атрымлівае фізічнага аздараўлення.

Размаўляла Караліна Бутоліна