Skip to main content

Гарадзенцы прынялі ўдзел у культурным вечары з беларускай паэзіяй і паэтамі (фота і аўдыё)

У Нядзелю, 2 сакавіка а 18-й, у зале ім. Яна Паўла ІІ (будынак Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі па вул. Парыжскай Камуны 1), адбыўся літаратурны вечар пад назвай "Вялікдзень з беларускай паэзіяй". На творчы вечар былі запрошаны ўсе, хто цікавіцца культурай у кантэксце хрысціянства, каб пагутарыць пра тое, як беларускія паэты адчувалі Вялікдзень, Уваскрасенне Хрыста.

З чым яно ім атаясамлялася, як яно іх натхняла і ў рэшце рэшт, што Бог казаў ім праз гэтую таямніцу. Госці пачалі збірацца за гадзіну да пачатку.

Дыяцэзіяльная капэлла "Саntate Domino" на чале з Генрыхам Давідовічам урачыста адкрыла вечар сваім спевам, выканаўшы гімн “Магутны Божа”.

З уступным словам да прысутных звярнуліся ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.

Ад братняй праваслаўнай Царквы выступіў а. Міхаіл Велісейчык.

Арцём Ткачук – вядучы, а таксама ідэйны арганізатар праекта, працытаваў словы вядомай паэткі і госці вечара, Дануты Бічэль, якія яна сказала ў інтэрв’ю Міхасю Скобле: “Нездарма ж сказана: на пачатку было Слова. Са слова пачынаецца Беларусь. Мова высыхае паволі, і ўсё роўна яна застаецца ў старыцах, ня можа высахнуць зусім. Паэт – носьбіт слова, а слова – гэта ідэя, гэта малітва, гэта дарога, святло і праўда. Не забывайма, што дзякуючы менавіта паэтам на мапе свету сёння ёсць Беларусь”.

З першым дакладам выступіў Іван Траццяк, выкладчык ГрДУ, які распавёў пра “Матывы Уваскрашэння ў творчасці беларускіх каталіцкіх святароў”.

Уладзімір Крупенка – валанцёр і блогер grodnensis.by, прачытаў верш нашай сучасніцы, выкладчыцы БДУ, Ірыны Эрстаўны Багдановіч і верш народнага паэта Беларусі, Ніла Гілевіча.

Наступную дакладчыцу ведалі амаль усе. Данута Бічэль – аўтарка тузіна паэтычных зборнікаў, шэрагу кніг для дзяцей, а таксама знаная перакладчыца Яна Твардоўскага і бл. Яна Паўла ІІ. Выступ Дануты Бічэль быў прысвечаны тэме “Вялікдзень у беларускай паэзіі другой паловы ХХ ст.”

Таксама былі прадстаўлены дзве серыі паштовак. Адныя былі надрукаваныя ўжо вельмі даўно, другія былі створаны сёлета маладымі беларускімі графікамі, дызайнерамі і мастакамі. Паміж імі адносна вялікі гістарычны прамежак. Аднак і адныя, і другія нясуць у сабе велікодную вестку Уваскрашэння Хрыстова. Госці мелі магчымасць пазнаёміцца з гэтым яднаннем часу.

Кандыдат гістарычных навук, спадар Ігар Ганчарук запрэзентаваў велікодныя паштоўкі падрыхтаваныя Музеем гісторыі рэлігіі.

Алена Харольская распавяла пра серыю сучасных паштовак, аўтары якіх “адлюстроўвалі сваё разуменне і бачанне Вялікадня так, як яны зразумелі гэта ў вершах беларускіх паэтаў”. Гэта творчая сустрэча мастака і паэта, бачанне Уваскрашэння паэтам і мастаком.

На заканчэнне афіцыйнай часткі вечара хор Cantate Domino выканаў некалькі твораў.

Пасля ўсіх запрасілі на каву і гарбату. Госці мелі магчымасць пагутарыць, абмеркаваць узнікшыя пытанні, сфатаграфавацца з Данутай Янаўнай, а таксама бліжэй разгледзець і набыць нестандартныя велікодныя паштоўкі.

 

А таксама некалькі слоў ад гасцей нашага літаратурнага вечара.

кс. біскуп Юзаф Станеўскі:

Важна тое, што ўжо мы маем. Як першая ластаўка гаворыць аб вясне, так і сённяшні вечар, хоць ён і вечар, але пасля кожнага захаду – сонца ўзыходзіць. Вось і гэтым вечарам мы сабраліся разам, але ён памаленьку пяройдзе ва Уваскрасенне. Таму гэты наш вечар павінен мець сваё прадаўжэнне і не часовае, а сардэчнае, каб гэтыя людзі, якія прыйшлі сёння, узялі гэтае натхненне і панеслі далей. Калі будзе натхненне, то будзе ажыўленне. І разам з Хрыстом не толькі ўваскрэснем калісьці, але сёння. Каб чалавек уваскрос, паверыў у сваю моц, у свае здольнасці, у тое, што ён створаны па Божаму вобразу.

Алена Богдан:

Сённяшні вечар быў вельмі цікавы для мяне, культурна адпачыла. Паэзія рэлігійнай тэматыкі гучала як малітва, што асабліва закранула маю душу, пранікнёна. Прыемна было слухаць беларускую мову і даведацца аб такой легендарнай асобе як Данута Бічэль. Атмасфера была цёплая, усё добра арганізавана. Малайцы! А ідэя з паштоўкамі, у аснове якіх дзіцячыя малюнкі, мне вельмі спадабалася. Але некаторыя з іх цяжка было зразумець.

кл. Дзяніс Бразінскі:

Сапраўды вельмі прыгожыя паштоўкі, нестандартная графіка. Упэўнены, што не толькі мне яны спадабаліся, але таксама і ўсім прысутным на сённяшнім нашым мерапрыемстве. Мне спадабаліся малюнкі на гэтых паштоўках, таксама і прыгожыя вершы нашых вядомых беларускіх паэтаў. Спадзяюся, што такіх і не толькі такіх паштовак будзе больш. Малайцы, што рэалізуеце свае добрыя ідэі. Поспехаў вам і вялікі дзякуй.

Вольга Сяліцкая:

Мне вельмі спадабалася літаратурная вечарына, асабліва тая хатняя атмасфера, у якой яна прайшла. Было вельмі цікава і карысна паслухаць выступы дакладчыкаў. Прыемна было бачыць сярод нас нашых пастыраў, кс. біскупаў Аляксандра і Юзафа, што яны падтрымліваюць такія цікавыя ідэі і дапамагаюць іх рэалізаваць. Хачу падзякаваць усім, хто прымаў удзел у арганізацыі і падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства і стварэнні такіх прыгожых паштовак.

Падрыхтавала Марына Белаблоцкая