Skip to main content

Біскуп з Венгрыі: у футбол я гуляю з самага дзяцінства

Лаcло Кішрыго, ардынарый дыяцэзіі Шэгед знаходзіцца ў саставе зборнай каманды венгерскіх святароў і з’яўляецца галкіперам. Яму 59 гадоў і ён з самага дзяцінства гуляе ў футбол. У юнацтве будучы святар меў таксама гонар гуляць у 2-й лізе Венгрыі.

На пытанне, ці задаволены вынікамі сваёй каманды, Яго Эксцэленцыя адказаў, што магло бы быць нашмат лепш, улічваючы досвед удзелу венгерскай зборнай ў папярэдніх спаборніцтвах. Аднак паводле словаў біскупа Ласло, такога выніку можна было чакаць, таму што ў зборнай каманды ёсць магчымасць сустракацца на трэніроўку толькі 2 разы ў год і выразіў надзею, што ў будучым такіх сустрэч будзе больш.

У Беларусь іерарх прыехаў першы раз і быў уражаны гасціннасцю і адкрытасцю беларусаў, а таксама прыемна здзіўлены тым, што ў гэтай частцы Усходняй Еўропы знаходзіцца шмат каталікоў. Паводле слоў святара VIII Еўрапейскі Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў адзначыўся “найлепшай арганізацыяй у параўнанні з такімі жа папярэднімі спаборніцтвамі. Я не назіраў ніякіх адмоўных бакоў арганізацыі Чэмпіянату: умовы пражывання добрыя, 2 спартыўныя пляцоўкі таксама ідэальнае месца для гульні, а таксама разнастайная культурная праграма, адным словам усё было вельмі цікава” – падзяліўся сваімі ўражаннямі венгерскі архіпастыр. Дарэчы біскуп прымаў удзел амаль што ва ўсіх святарскіх чэмпіянатах, акрамя мінулагодняга спаборніцтва.

Больш чым 60 працэнтаў з амаль што 10-ці мільённага насельніцтва Венгрыі складаюць каталікі. Супольнасць касцёла налічвае 12 дыяцэзій. У венгерскай камандзе святароў гуляюць 2 дыяцэзіяльныя святары, 3 грэка-каталіцкія і 3 святары, якія прыналежаць да некалькіх манаскіх супольнасцей.

   thumb