Серада. Дзень знаёмства з беларускай культурай. Праграма знаёмства была вельмі насычаная. Наведванне Міру і Нясвіжа канкрэтна вымучыла святароў, якія час ад часу паціху пыталіся ці шмат яшчэ засталося да канца і калі мы вяртаемся ў Ліду. Куча жартаў, св. Імша ў барокавым касцёле Божага Цела ў Нясвіжу, картэж міліцыі з мігалкамі і фаер-шоў напрыканцы дня ў Лідскім замку ўдзельнікі будуць помніць яшчэ доўга.
![]()
Па дарозе ў Несвіж паразмаўляў са святаром з Босніі і Герцэгавіны. Той парасказваў мне розныя гісторыі з тамтэйшага жыцця, пра нацыянальную варажбу, якая там да сёння існуе, пра мясцовых католікаў, пра жыццё простых людзей. Карацей, галоўная праблема ў тым, што ўсе харваты Босніі і Герцэгавіны – католікі. Атрымоўваецца, што ўся непрыязь на нацыянальнай глебе пераносіцца на рэлігійную. Такія справы.
![]()
Галоўнай атракцыяй па дарозе ў Несвіж была міліцэйская машына, якая суправаджала аўтобусы ўдзельнікаў чэмпіянату. Ахоўнікі парадку ехалі пасярэдзіне дарогі і змушалі ўсе машыны спыняцца перад няспыннай калонай аўтобусаў святароў. У некаторыя моманты гэты імпэт дасягаў сваёй кульмінацыі і міліцэйская машына, каб запэўніць максімальны камфорт і бяспеку пастыраў, выязджала на сустрэчную паласу руху, каб спыніць машыны, якія не хацелі гэтага зрабіць. Несумненна гэта выклікала мора эмоцый святароў, якія сядзелі ў аўтобусе (пры гэтым эмоцыі былі пераважна пазітыўна-смехавога характару). Хтосьці рабіў здымкі, хтосьці здымаў на відэа. Адным словам усе атрымалі магчымасць адчуць сябе прэзідэнтам, ці мінімум міністрам.
![]()
У Нясвіжы ўсё пачалося са св. Імшы. Літургію ўзначаліў кс.біскуп Казімір Велікаселец. Старажытны храм, мароз і альбы нацягнутыя на курткі, местачковы і прыемны спеў парафіяльнага хору. Біскуп Казімір сказаў некалькі словаў пра тое, як ён служыў у савецкім войску (“адбамбіў”, як кажуць, па-поўнай – усе тры гады). Яны тады трэніравалі толькі цела, а дух быў закінуты. Сёння няма ні войска, ні саветаў. А храмы стаяць і службы адпраўляюцца. Гэта было проста і коратка (што не характэрна для біскупаў). Святары, згаджаючыся, ківалі галавамі.
![]()
![]()
![]()
![]()
![]()
Далей усе пайшлі наведваць несвіжскі палац Радзівілаў. Было стандартна, што не значыць што не было нецікава. Прыемныя жанчыны-гіды распавядалі пра шырокую сетку Радзівілаў ва ўсёй Еўропе, іх гісторыю і дзейнасць. Было цікава нават мне. Аднак бедныя галовы святароў пад канец здаліся перад валам інфармацыі і то там то сям пачалі паціху пытацца ці яшчэ шмат пакояў нам засталося.
![]()
Трэба адзначыць, што настрой быў неверагодна вясёлы. Святары былі падзеленыя на 6 групаў. Кожная наведвала палац па чарзе. Ідучы карыдорамі будынку ўвесь час было чуваць гучныя ўсплескі смеху і жарты.
![]()
![]()
Часам святары паводзілі сябе як дзеці. Але ўсе мы дзеці Божыя, ці не так?
![]()
Аўстрыйцы, на мой погляд, занялі першае месца па актыўнасці набывання сувеніраў. Альбо проста так атрымоўвалася, што яны мне трапляліся на вочы каля прылаўкаў сувенірных крамаў.
![]()
Па дарозе ў Мір святары мелі трошкі часу каб адпачыць. Большая частка аўтобуса ціха гаманіла, нехта прыснуў, хтосьці нястомна фатаграфаў пахіленыя шэрыя хаткі вёсак, якія мы міналі. Украінцы распавядалі камусьці пра апошнія падзеі ў Кіеве, ды й увогуле пра Майдан.
![]()
Далей абед. Елі ўсе ў каледжы народных мастацтваў у Міры. Сам губернатар Гродзенскай вобласці дамовіўся наконт гэтага абеду. І за гэта яму дзякуй.
![]()
Усё было па-свойску. Можа не так, як у лепшых дамах Парыжу і Лёндана, але смачна і шмат. Перад уваходам была кава і гарбата, таксама на гэтым жа століку трошкі нейкай інфармацыі.
Аказалася, што гэта рэклама, якая заахвочвае паступаць у каледж мастацтваў. Што ж, можа хто са святароў і зацікавіўся.
![]()
Меню: салат на пачатак, пасля борш са смятанай, на другое мяса па-француску з бульбай і булачка з напіткам на дэсерт. Асабіста я наеўся як бочка.
![]()
![]()
Пазней усе сабралі волю ў кулак і пайшлі на апошнюю экскурсію ў Мірскі замак. Тут было хутчэй.
![]()
Усе ізноў падзяліліся на групы, былі ўзятыя пад апеку адным гідам і адным перакладчыкам і вырушылі наведваць карыдоры і пакоі замку Святаполк-Мірскіх.
![]()
Тут ужо не трэба было тлумачыць, хто такія Радзівілы. Усе ківалі і разумелі пра каго ідзе гаворка. Пад канец ізноў пачалі быць чутны шэпты ці яшчэ шмат. Усё-такі вялікія нецерпяліўцы гэтыя святары.
![]()
Дарэчы днём было прахалодна і некаторыя адчувалі сябе некамфортна пры такім надвор’і. Валанцёры супакойвалі ўсіх словамі, што гэта не холадна, а цёпла для гэтай пары году.
![]()
![]()
![]()
Кс. Павел, як заўсёды, усё лазіў з нейкімі паперкамі, недзе званіў, штосьці удакладняў. Не простая гэта справа быць арганізатарам.
![]()
Пасля была дарога ў Ліду. Усе былі вельмі стомленыя. Большасць, разам са мной, у нашым аўтобусе заснула. Святары спяць у аўтобусе як усе. Незалежна ад нацыянальнасці, узросту і пасады. Соладка, падкурчыўшы ногі пад сябе і з адчыненым ротам. Некаторыя сапелі і нават падхрапвалі.
![]()
Прыбыўшы ў Ліду, усе адразу пайшлі на вячэру. Усё той жа рэстаран, падобнае меню. Сёння ж падчас прыему ежы спяваў народны гурт з Ліды. Што выклікала дужую цікавасць з боку святароў. Пазней шмат хто падпяваў (аказалася некаторыя нашыя народныя песні вельмі падобныя на песні з іншых краін), кляскаў і проста падтупваў. Адным словам пір на увесь свет.
![]()
Напрыканцы дня быў сюрпрыз ад лідскага мэра. Той запрасіў усіх святароў пад сцены лідскага замка, дзе адбылося фаер-шоу. Спачатку выступ не ўражваў асаблівым чынам. Аднак пазней, калі каскадзёры пляваць агнём і бегаць з агнём максімальна блізка насоў святароў, усё зрабілася даволі такі прывабным. Гэты выклікала гучнае “хэй!” з вуснаў прысутных удзельнікаў чэмпіянату.
![]()
![]()
![]()
Заўтра апошні дзень спаборніцтваў. Выходзім на фінішную простую. Святары ідуць спаць, нехта яшчэ гамоніць у холе гатэлю. Дзень другі скончаны.
Арцём Ткачук
