11 лютага, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Лурда, кс. Біскуп Юзаф Станеўскі узначаліў св. Імшу ў Гродзенскім абласным шпіталі. Падчас Імшы быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых.
На св. Імшу сабралася поўная капліца вернікаў як каталіцкіх, так і праваслаўных. Многія былі здзіўленыя, нечакана для сябе, сустрэўшы кс. біскупа.
Падчас св. Імшы маліліся за ўсіх хворых, а таксама за працаўнікоў службы здароўя. Малітвай таксама ахапілі самотных людзей, каб духоўна паяднацца з імі.
У гаміліі пастыр нагадаў вернікам, што Сусветны дзень хворага ўстанавіў Ян Павел ІІ 13 мая 1992 года. Свята штогод адзначаецца 11 лютага, калі ў Касцёле ўспамінаюць першае аб’яўленне Панны Марыі з Лурда.
“Калі чалавек сам хворы, то гэты дзень успрымаецца зусім па-іншаму, бо гэта мой дзень,” – казаў кс. біскуп Юзаф, - “Бог датыкае чалавека праз Найсвяцейшы Сакрамант так, як бацька датыкае дзіця. Тут мы адчуваем, што не самотныя. Гэта дотык духоўны Ласкі Божай. Праз намашчэнне Бог кажа, што ведае цябе, бачыць і хоча весці далей, узяўшы за руку”.
Архіпастыр заўважыў, што хворыя людзі, гледзячы на крыж, па-другому яго ўспрымаюць, моляцца больш адкрыта, сардэчна, чакаюць цуду. І важна, каб чалавек быў упэўнены, што ён не адзін, што Касцёл прыходзіць да яго нават у шпіталі.
Напрыканцы Літургіі кс. біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў кс. Алегу Кудэрка, кс. Аляксандру Шэмету і с. Стэллі CSFN, што ахапілі сваёй апекай увесь абласны шпіталь.