V Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
Хрыстос звяртаецца сёння да кожнага веруючага: “Вы - соль зямлі. Вы – святло свету”. Гэтыя словы прыпамінаюць кожнаму з нас аб нашых рэлігійных абавязках, якія мы часта ігнаруем. Часта веруючы чалавек жыве і выконвае свае рэлігійныя абавязкі без любові, без сэрца, як бы з прымусу, лічачы, што толькі вера можа яго збавіць.
Мы з Вамі, дарагія, часта забываем словы Апостала Якуба, які прыпамінаў сваім слухачам: “Вера, калі не мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая”, - і далей: “Ці ж не ўчынкамі апраўдаўся бацька наш Абрагам, калі прыносіў у ахвяру на ахвярніку сына свайго Ізаака? Бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, ды вера праз ўчынкі сфармавалася” (Як 2,17.21-22).
Кожны з нас павінен памятаць аб вялікім заданні, якое вынікае з прынятага Святога Хросту: абавязкаў, прынятых у часе Першай Камуніі, калі Хрыстос прыйшоў у нашае сэрца; падчас канфірмацыі, калі мы вызналі веру і паабяцалі яе абараняць і сведчыць аб ёй. На жаль, для многіх гэта засталося толькі падтрыманнем традыцыі.
Папа Францішак 2 лютага звярнуўся да прысутных з наступнымі словамі: “Прысвячэнне сябе Богу датычыць кожнага хрысціяніна, таму што ўсе мы належым Яму праз Святы Хрост. Мы ўсе пакліканыя прынесці сябе Айцу з Езусам і як Езус, зрабіць сваё жыццё шчодрым дарам у сям’і, у працы, у паслузе Касцёлу, у справах міласэрнасці”.
Дарагія, кожны сакрамант, які мы з Вамі прымаем – гэта вялікі Божы дар, які мы не маем права змарнаваць, а абавязаны дзяліцца ім з іншымі. Апостал Павел звяртаецца сёння да Карынцянаў: “І я , калі прыбыў да вас, браты, прыйшоў, не каб захапляць вас словам ці мудрасцю, але абвяшчаючы вам таямніцы Божыя, бо я разважыў, што не ведаю сярод вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго ўкрыжаванага…, каб вера ваша была не ў мудрасці чалавечай, але ў моцы Божай” (1 Кар 2,1-2.5).
Літургія Слова заахвочвае нас да сведчання аб Богу праз нашае жыццё і ўчынкі: “Няхай святло вашае так свеціць перад людьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мц 5,16). Учынкі, якія мы з вамі робім, жывучы на зямлі, вельмі добра паказваюць наш унутраны свет, у нашым выпадку - адлюстроўваюць нашую веру. Многія цяпер могуць зазначыць, што Касцёл складаецца не са святых людзей, а са слабых і грэшных, якія імкнуцца да святасці, – і з гэтым можна пагадзіцца, але толькі часткова. Бо, на жаль, многія з нас пускаюць сваё жыццё “без тармазоў” - што будзе, то няхай будзе. Мы з Вамі становімся, як тая соль, што страціла свой смак. Каб жыццё нашае набрала свайго смаку, кожны з нас павінен падымаць узровень, да якога павінен цягнуцца, як гэта робіць кожны спартовец, які хоча дасягнуць лепшых вынікаў. Калі гэтага не рабіць, то рана ці позна вера занікае. З гэтай прычыны, кожны веруючы павінен прыкладаць намаганні ў развіцці, узрастанні сваёй веры, бо праз свой прыклад зможа і іншых прывясці да Хрыста.
Дамянік Дэль Рыа пачынаў журналісцкую кар’еру ў італьянскім лева-ліберальным і антыклерыкальным часопісе “La Repubblica”. Аднак, пасля выхаду на пенсію, распачаў працу ў каталіцкім “Аvvenire”. У сваім інтэрв'ю для “Niedzieli” (27 мая 2001 года) казаў: “Хацеў бы дадаць вельмі асабістае сведчанне. Лічу, што ў апошнія гады на сусветнай сцэне з’явілася некалькі асобаў, якія “насычаныя” Богам. Маю на ўвазе між іншых Матку Тэрэзу з Калькуты і Яна Паўла II. Не магу сцвярджаць, што гэтыя людзі з’яўляюцца сведчаннем на існаванне Бога, але напэўна сведчаць аб Божай дзейнасці ў чалавеку. Пасля смерці маёй жонкі, калі-нікалі адчуваю няпэўнасць і страчанасць; каб пераадолець час крызісу, назіраю за Папам, бо праз яго пасрэдніцтва бачу Бога”.
Мы з Вамі часта забываем, што мы - той СВЕТ, і ад нас залежыць, які будзе малявацца вобраз Касцёла як Божай сям’і ў вачах людзей, шукаючых Праўды, Бога. Са свайго святарскага жыцця я магу сказаць, што спаткаў людзей, якія былі ўражаныя паставай веруючых, - і гэта наблізіла іх да Бога, яны знайшлі Яго, як Дамянік Дэль Рыа і многія іншыя. На жаль, жыццё не бывае і без кепскіх прыкладаў: можна спаткаць людзей, якія былі згоршаны паводзінамі і ўчынкамі веруючых…
Давайце, дарагія, будзем прыкладаць намаганні, каб кожны з нас быў соллю зямлі і святлом для свету. Каб праз прыклад свайго жыцця з Богам, і паводле Яго наказаў, мы не разбуралі, а будавалі Святы Касцёл.