Skip to main content

IIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

IIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Дарагія чытачы нашага Каталіцкага парталу, хацеў бы сённяшняе нашае разважанне прысвяціць тэме пакаяння і асабістай сустрэчы чалавека з Езусам Хрыстом. У мінулым тыдні мы з вамі паспрабавалі стаць у праўдзе перад Богам і ўласным сумленнем, а таксама, не скідваючы адказнасць за іншых, прызнацца ў сваіх грахах.

У сённяшнім Евангеллі мы бачым, што Хрыстос пачынае сваю публічную дзейнасць словамі:“Навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 4,17). Кожнае нашае навяртанне павінна пачынацца ад пакаяння, ад прызнання сваёй слабасці. Апостал Народаў, св. Павел, гаварыў: “Замкнуў Бог усіх у нявер'е, каб усім аказаць Сваю літасць” (Рым 11,32). Літасцю Бога да чалавецтва ёсць Хрыстос, які хоча кожнага давесці да збаўлення: усіх агортвае сваёй любоўю і ніколі не адкідвае таго, хто да Яго звяртаецца. Ён цярпяліва чакае пакаяння і навяртання ўсіх для таго, каб “выкарыстаць нашыя ногі, каб дайсці да кожнага чалавека, выкарыстаць нашыя рукі, каб кожнаму дапамагчы, выкарыстаць нашыя вусны, каб абвяшчаць усім аб дзівосных Божых справах і аб Божай любові”.

Сын Божы, пасля закліку да навяртання сваіх слухачоў, паклікаў сваіх першых вучняў: Сымона, якога назваў Пятром, брата яго Андрэя, Якуба і Яна - сыноў Зэбэдэя, – людзей працы, звыклых рыбакоў, якія заставілі ўсё і пайшлі за Езусам. Яны пачулі заклік Хрыста, каб змяніць свой мінулы стыль жыцця, і без пытанняў увайшлі ў школу Збаўцы, каб пазней несці іншым сведчанне аб Божай любові. Вельмі добра гэта перадаў сёння нам св. апостал Павел: “не паслаў мяне Хрыстос хрысціць, але несці добрую вестку; не ў мудрасці слова, каб не адмяніць крыжа Хрыстова” (1 Кар 1,17).

Хрыстос кліча кожнага з нас да пакаяння, навяртання і да асабістай сустрэчы з Богам, і, дзякуючы гэтаму, іншым даць прыклад, дапамагчы іншаму чалавеку дайсці да Праўды. Менавіта так здарылася з Альфонсам Рацісбонам.

У Святой Зямлі, у цэнтры горада Аін-Карым, пабудаваны касцёл пад тытулам Наведванне Найсвяцейшай Панны Марыі, які прыпамінае вернікам радасныя адведзіны Альжбеты цяжарнай Марыі. Таксама там знаходзіцца гроб, на якім віднеецца надпіс: “Айцец Марыя”, на п'едэстале фігуры Беззаганнай - “О Марыя, памятай аб Тваім Сыне, Які з'яўляецца хвалебнай і салодкай здабычай тваёй любові”.

Айцец Марыя, Альфонс Рацісбон быў францускім яўрэем і паходзіў з багатай сям'і. Калі яму было чатыры гады, памярла яго матуля, а ў шаснаццаць гадоў адыйшоў да Пана і яго бацька. Клопат аб хлопчыку ўзяў на сябе яго дзядзька, які бачыў у пляменніку свайго спадкаберцу, аднак Альфонсу больш падабаліся забавы і бег за прыемнасцямі, а не клопат аб памнажэнні дабытку. У плане веры, хлопец лічыў сябе атэістам. Ён перажыў вялікі шок, калі яго брат Тэадор перайшоў у каталіцтва, і што большае, стаў святаром. На жаль, усё гэта не наблізіла Альфонса да Бога, толькі наадварот - выклікала вялікую нянавісць да каталіцтва. У 1842 годзе ён выпадкова прыяжджае ў Рым, і сустракае свайго школьнага сябра, які знаёміць Альфонса са сваім братам, баронам Тэадорам дэ Буссеррэ, заўзятым каталіком. У часе знаёмства барон падараваў Альфонсу цудоўны медалік (аб'яўлення Кацярыны Лябур), і папрасіў, каб ён заўсёды меў яго пры сабе. Здзіўлены такой просьбай, прымае медалік, але не прыдае гэтаму ніякага значэння. Некалькі дзён пасля дадзенага здарэння барон Тэадор запрапанаваў Альфонсу паехаць разам з ім у касцёл святога Андрэя Фраттэ, каб дамовіцца аб пахаванні. Пасля прыбыцця на месца, барон пакінуў яго ў касцёле, а сам пайшоў у сакрыстыю; калі праз некалькі хвілін вярнуўся, знайшоў Альфонса, які стаіць на каленях у бакавой капліцы св. Арханёла. Каб ажывіць яго, барон быў вымушаны некалькі разоў патрэсці за плячо, бо выдавалася, што ён страціў кантакт са светам. Пасля гэтага, Альфонс расплакаўся і пачаў цалаваць Цудоўны Медалік.

Аб тым, што здарылася на працягу гэтых некалькі хвілін, ён піша так: “Прайшло няшмат часу ад майго ўваходу ў касцёл, як раптам усё знікла з маіх вачэй; бачыў толькі адну капліцу, і якаясьці няведамая для мяне сіла пхала мяне да яе. Над алтаром заўважыў фігуру Маці Божай, вельмі падобную да той, якая была на маім Медаліку і знаходзілася як бы ў промнях сонца. Маці Божая жэстам рукі паказала, каб я стаў на калені. Некалькі разоў я спрабаваў паглядзець на яе твар, але свет, які ззяў ад яе, не даваў гэтага зрабіць, я мог толькі глядзець на яе рукі, якія выражалі ласку і прабачэнне. Марыя нічога мне не сказала, але я ўсё зразумеў”.

Нягледзячы на супраціў сваіх родных, Альфонс пасля гэтага выдарэння прымае святы хрост і святарскае пасвячэнне, а праз некалькі гадоў, разам са сваім братам Тэадорам, выяжджае на місіі ў Палесціну. Давайце жа, дарагія, і мы будзем сведчыць аб любові Бога да чалавека, бо на нас разлічвае сам Бог, які хоча ўвайсці ў жыццё кожнага, каб яго змяніць…