Skip to main content

XХХIV Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XХХIV Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

У далёкім, юбілейным, 1925 годзе Папа Пій XI заснаваў Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. У тыя часы быў моцны антыклерыкалізм і многія людзі былі настроены супраць Касцёла. Яны думалі, што змогуць развіваць грамадства і кіраваць ім без Бога і без рэлігіі. Таму Папа Пій XI хацеў звярнуць увагу многіх людзей да служэння Езусу Хрысту як Валадару і, такім чынам, палепшыць сітуацыю ў свеце.

У Старым Запавеце прарокі прадказвалі прыход Месіі, Сына Давіда, якога Валадарства не будзе мець канца. У Новым Запавеце Арханёл Габрыэль сказаў Панне Марыі: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца”.

Езус Хрыстус - наш Валадар! Але Ён не пануе над намі падобна ўладам гэтага свету. Валадарствы гэтага свету кіруюць людзьмі сваёй сілай, магутнасцю, грашыма, войскам. A перад нашымі вачыма веры заўсёды павінна быць Валадарства Хрыста, мэта якога - праўда і справядлівасць.

Толькі Езус, Валадар Сусвету, мае ўладу пазбавіць свет ад рабства граху і смерці. Ён паважае асобу і свабоду кожнага чалавека, запрашае кожнага спазнаць і палюбіць Сябе і следаваць за Сабой. Езус хоча, каб мы кіраваліся Яго вучэннем і любілі адзін аднаго, як Ён палюбіць нас. І толькі так мы зможам стаць справядлівымі, адказнымі, мірнымі, гатовымі да супрацоўніцтва і шчаслівымі людзьмі. Мы зможам пражыць так усё жыццё ў гэтым свеце і дасягнуць вечнага шчасця з Хрыстом у Нябесным Валадарстве.

Марк Аўрэлій, вялікі рымскі імператар, казаў кожную раніцу: “Сёння вы сустрэнеце розных непрыемных людзей; яны пакрыўдзяць вас, прычыняць вам боль, зняважаць вас, але вы не можаце жыць так; вы ведаеце лепш таму, што вы - чалавек, у якім жыве Дух Божы”.

У сэрцах іншых можа жыць дух непрабачэння, дух нянавісці, дух пагарды, дух помсты і г.д., але мы ведаем, што мы - дзеці Хрыста, і мы павінны жыць так, як Ён навучае. Няхай Эўхарыстыя, якую мы перажываем у гэты дзень, будзе для нас умацаваннем нашай сувязі з Богам, які адкрывае Брамы Неба. Амэн.