З 8 па 10 лістапада, супрацоўнікі grodnensis.by адбылі свае першыя ў гісторыі рэкалекцыі. Малітоўна-інтэграцыйная сустрэча адбылася ў Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага (Пінск). У рэкалекцыях прынялі ўдзел 8 чалавек.
Сустрэча мела тры асноўныя мэты: духоўнае, інтэлектуальнае развіццё і інтэграцыя. Малітоўную частку ўзначаліў кс. Андрэй Рылка. Святар падрыхтаваў некалькі канферэнцый, якія паказалі шэраг праблемаў і цяжкасцяў, з якімі кожны штодзённа сустракаецца. Пры гэтым духоўнік стараўся адказаць на некаторыя пытанні журналісцкай этыкі.
Падчас рэкалекцый была абмеркавана душпастырская інструкцыя па сацыяльнай камунікацыі Aetаtis Novae. Даклады супрацоўнікаў grodnensis датычылі сучаснасці СМІ, мэтаў і задачаў, якія ставіць перад Касцёлам Апостальская Сталіца ў галіне СМІ і пераносілі дадзеныя аспекты на беларускую рэчаіснасць. Таксама была ўзгадана неабходнасць распрацавання душпастырскіх праграмаў па сацыяльнай камунікацыю ў беларускіх дыяцэзіях.
Кс. Юрый Жэгарын, рэдактар grodnensis.by, прадставіў удзельнікам справаздачу дзейнасці старонкі за апошні год. На падставе статыстычных дадзеных было апісана сучаснае становішча сайта: гісторыя наведвальнасці, агульная характарыстыка аўдыторыі, колькасць падрыхтаваных матэрыялаў і інш. На падставе прэзентацыі былі абмеркаваны асноўныя прыярытэты дзейнасці, праблемы і накірункі, якія сёння неабходна развіваць.
Кс. Андрэй Рылка правёў экскурсію па сучасным Пінску, асаблівым чынам звярнуўшы ўвагу на каталіцкую спадчыну горада. Цікавыя факты з гісторыі пінскай катэдры, аповеды пра цуды св. Андрэя Баболі і сучаснасць горада, зрабілі для ўсіх сталіцу беларускага Палесся больш блізкім.
У нядзелю, 10 лістапада, пасля ўрачыстага благаслаўлення і супольнага абеду супрацоўнікі вярнуліся ў родную Гародню. Па дарозе, натуральна, не былі абмінуты санктуарый Маці Божай у Лагішыне, дом Тадэвуша Касцюшкі каля Косава і Палац Сапегаў у Ружанах. Рэдакцыя ўжо вярнулася да нармальнай працы і просіць чытачоў аб далейшай малітве, каб Слова Божае жыло і квітнела таксама тут, у інтэрнэце.
Арцём Ткачук
Рэдакцыя і валанцёры grodnensis.by выражаюць падзяку Яго Эксцэленцыі кс. біскупу Аляксандру Кашкевічу, ардынарыю Гродзенскай дыяцэзіі; кс. біскупу Антонію Дземянка, ардынарыю Пінскай дыяцэзіі; кс. Андрэю Рылка, канцлеру Пінскай дыяцэзіі; кс. Юрыю Хіневічу, эканому Пінскай Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі і ўсім тым, хто духоўна і матэрыяльна дапамагаў і спрыяў арганізацыі рэкалекцый у Пінску. Няхай добры Бог аддзячыць Вам за Вашыя адкрытыя сэрцы!