Skip to main content

XХ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

 XХ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

На першы погляд здаецца, што сённяшняе Евангелле вельмі складанае і незразумелае. Езус кажа: “Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!” Аб якім агню Хрыстос кажа?

Здаецца, што агонь – гэта словы Езуса і яго прыклад жыцця, да якога Хрыстос заахвочвае і кожнага з нас. Кожны хрысціянін павінен гэты агонь раздзімаць і падтрымліваць. Езус спяшаецца…Таму, што калі паглядзім на нашае асяроддзе, то убачым шмат людзей, якія не ведаюць Езуса, жывуць у цемры граху, няшчасныя, поўныя нянавісці, што ўсюды мала любові да бліжніх, якой нас вучыць Хрыстос…І гэта таксама будзе працягвацца, і ў гэтым наша віна.

Ведаем, што калі ў агонь не падкладваць дроў – ён патухне. Таксама і духоўны агонь: калі мы не будзем ім дзяліцца, калі ізалюемся ў сваім “Я” і не будзем несці агонь Хрыста іншым, можам самі страціць яго.

Але трэба быць свядомым, што калі мы вырашым несці іншым Хрыстовы агонь – гэта выклікае непаразуменне з боку і нашых блізкіх, і нашага асяроддзя, таму Езус кажа: ”Пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя….бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці…” Будуць бараніцца перад жыццём паводле слоў і прыкладу Хрыста і будуць гасіць нашу гарлівасць.

Таму, як апавядае аўтар паслання да Габрэяў, “задумайцеся аб Езусе, які пацярпеў такое ад грэшнікаў, каб вам не знемагчы і не аслабець душамі вашымі. Вы яшчэ не да крыві змагаліся, ідучы супраць граху” (Габ 12, 3-4).

Сапраўды, Святое Пісанне заклікае нас быць цярплівымі ў змаганні са злом і грахом і ва ўсім браць прыклад з Хрыста, а таксама са шматлікіх святых.

Будзем прасіць Святога Духа, каб нашае хрысціянскае жыццё асвячала і грэла сэрцы тых, хто нас акружае, і каб той агонь, які даверыў нам Езус, дадаў адвагі жыць паводле прыкладу Хрыста!