Skip to main content

Свята духоўнасці гэтай зямлі. Юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе

img 4464 thumbСёлета тысячы пілігрымаў завіталі на ўрачыстасці 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай ў Будславе. Асаблівым госцем на юбілеі ў Нацыянальным санктуарыі быў спецыяльны легат Святога Айца Францішка старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан Луі Таран.

Гэтыя дні, 5 і 6 ліпеня, былі насычаны падзеямі і перажываннямі. Пілігрымы пачалі ўваходзіць і прыязджаць у Будслаў на веласіпедах, аўтобусах, аўтамабілях удзень пятніцы. Пілігрымкі ішлі і ехалі не толькі з Мінскай вобласці, але і з усёй Беларусі, а таксама з Украіны, Польшы, і нават з Расіі і Італіі. Гродзенскія веласіпедысты пераадолелі сімвалічны шлях у 400 кіламетраў, каб ушанаваць Маці Божую ў 400-гадовы юбілей. Самай доўгай была пешая дзевяцідзённая пілігрымка з Баранавіч. Чарговы раз з мінскага Чырвонага касцёла вернікі прайшлі свой шлях, посцячы на хлебе і вадзе.

 

Нечаканасцю для ўдзельнікаў урачыстасцей стаў моцны лівень і віхура, якія раптам пасля спёкі наляцелі на санктуарый, вымачылі наскрозь пілігрымаў, нанеслі шкоду адмыслова зладжанаму звонку касцёла алтару, паперакульвалі намёты гандляроў, паламалі галіны дрэў. На шчасце, абыйшлося без чалавечых ахвяр.


На ўрачыстасцях прысутнічалі два французы, як жартам адзначыў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч: кардынал Жан Луі Таран і святая Тэрэза ад Дзяцятка Езус. Рэліквіі святой у вялікім саркафагу прыбылі з французскага кляштара кармелітаў босых у Лізьё ў межах перэгрынацыі рэлікварыя па Беларусі (1 чэрвеня – 28 жніўня б.г.).


Легат Папы кардынал Жан Луі Таран прыбыў у Будслаў вечарам у пятніцу. Пасланнік Святога Айца ў прамове да вернікаў адзначыў узрастаючы крызіс веры і маральнасці, калі чалавек верыць толькі ў сябе і не патрабуе Бога. Легат прапанаваў моладзі выпрабаваны рэцэпт на добрую малітву: “пяць хвілін для Бога”. Пяць хвілін удзень прысвяціць таму, каб думаць “пра Бога за любоўю”, пачытаць Евангелле, а праз нейкі час, як спадзяецца легат, для размовы з Богам пяці хвілін ужо будзе мала.


Падчас вячэрняй св. Імшы біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец удзялілі моладзі сакрамант канфірмацыі.


Апоўначы, на ўрачыстую працэсію з копіяй цудатворнага абраза вакол будслаўскага парка і на св. Імшу сабралася, хіба, найбольш людзей. Пасля св. Імшы моладзь правяла адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту. У палатачным гарадку адбылася дыскатэка. Прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы правялі літургію па ўсходнім абрадзе.


Завяршыла ўрачыстасці ў Будславе св. Імша а 11 гадзіне 6 ліпеня, якую ўзначаліў легат Пантыфіка кардынал Жан Луі Таран. На св. Імшы прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламаты. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка скіраваў да вернікаў віншаванне з нагоды будслаўскага юбілею, якое агучыў прысутны на ўрачыстасці ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка.


Падчас гаміліі кардынал Жан Луі Таран заахвочваў угледзецца ў Маці Божую, якая “з’яўляецца такім жа чалавекам, як і мы”, якая ведае нашыя цяжкасці і радасці, якая можа навучыць нас маліцца ў штодзённасці. “Марыя, – як адзачыў легат, – сабрала слёзы беларускага народа, пралітыя на працягу ўсёй яго трагічнай гісторыі... Марыя – гэта сіла, якая нас натхняе, гэта моцная Маці, якая вядзе нас за сабою, якая дапамагае нам узрастаць у веры, каб быць сведкамі Пана Бога, каб будаваць новы свет”.


Напрыканцы св. Імшы легат выказаўся, што павінен пераканаць Святога Айца прыехаць у Беларусь, і што гэта няцяжка будзе зрабіць пасля таго, што ён тут убачыў. “А ўбачыў я тут жывы касцёл”, – сказаў легат. У сваіх апошніх словах кардынал даверыў вернікам вельмі асабістае, укрытае перажыванне, “Касцёл, насамрэч, вельмі прыгожы, і я ніколі не расчараваўся ў ім”.


Падарункам ад Папы Францішка стала папскае бласлаўленне, якое ўдзяліў пілігрымам кардынал Жан Луі Таран.


Пасля св. Імшы адбылося гашэнне паштовай маркі, выдадзенай з нагоды будслаўскага юбілею.



Анэля Нядзведзіч