Skip to main content

IX Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

IX Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

У сённяшнім фрагменце Евангелля Езус дае нам узор сапраўднай і шчырай веры праз прыклад сотніка, рымскага афіцэра.

Сотнікі, цэнтурыёны складалі аснову рымскай арміі. Рымскі легіён налічваў шэсць тысяч чалавек, ён быў падзелены на 60 сотняў, у кожнай па 100 чалавек, і кожнай камандаваў цэнтурыён, сотнік. Сотнікі былі доўгатэрміновымі і пастаяннымі жаўнерамі ў рымскай арміі. Яны адказвалі за дысцыпліну, а таксама як у мірны, так і ў ваенны час, на іх трымалася маральнае жыццё арміі. Адным словам - сотнікі былі лепшыя людзьмі рымскай арміі.

Цікава адзначыць, што пра ўсіх сотнікаў, якія згадваюцца ў Новым Запавеце, гаворыцца з павагай, але ў гэтым сотніку, у Капернауме, было нешта незвычайнае: яго стаўленне да свайго слугі. Гэта быў толькі раб, а сотнік быў засмучаны яго хваробай і быў гатовы зрабіць усё, каб дапамагчы яму. А гэта рэзка адрознівалася ад звычайных адносінаў гаспадара да свайго раба. У рымскай імперыі раб нічога не значыў; нікога не хвалявала, калі ён хварэў, нікога не хвалявала, ці ён жыве, ці ўжо памёр, бо заўсёды можна было купіць іншага нявольніка.

Гэты сотнік таксама быў чалавекам незвычайнай веры. Яму трэба было, каб сіла Езуса Хрыста дапамагла яму і вылечыла яго слугу, але ў гэтым была адна праблема - ён быў язычнік, а Езус – юдэй, Тора забараняла юдэю ўвайсці ў дом язычніка, таму што жыллё язычніка было нячыстым.

Як жаўнер, ён добра разумеў, што значыць аддаць загад, з тым, каб ён быў неадкладна і пакорліва выкананы, і таму ён адказаў Езусу: Пане! Табе не трэба ўваходзіць у мой дом, я гэтага не варты; але скажы толькі слова -- і гэтая каманда будзе выканана.

Чаму вучыць нас сёння сотнік? Веры, сціпласці і сяброўскіх адносінаў да тых, хто побач з намі. Вучыць нас быць уважлівымі да людзей, бачыць не толькі свае праблемы, але і іншага. Вучыць нас не забываць, што акрамя нас ёсць другія, якія патрабуюць дапамогі і падтрымкі. Няхай гэты тыдзень, які перад намі, будзе для кожнага з нас добрым шанцам, каб зрабіць штосьці прыемнае для нашых бліжніх.