Падчас ХХ Дыяцэзіяльных Дзён Моладзі апостальскі нунцый у Беларусі, кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці даў эксклюзіўнае інтэрв’ю для партала grodnensis.by. Галоўны рэдактар партала кс. Юрый Жэгарын размаўляе з арцыбіскупам пра тое, ці варта рызыкаваць у Касцёле, як не мець фальшывага сэрца, а таксама аб тым, як вырасціць сваю веру, як знайсці агульную мову і ўбачыць неба на зямлі.
Кс. Юрый Жэгарын: Ваша Эксцэленцыя, ксендз-арцыбіскуп, Вы прыналежыце да кангрэгацыі асноўнай харызмай якой, з’яўляецца праца з моладдзю, а асабліва з беднымі студэнтамі і напэўна маеце досвед у працы з маладымі. Паводле Вас, якія прыярытэты павінны ставіць душпастары ў працы з маладзёнамі, на што перш за ўсё павінны звяртаць увагу ў прапаведаванні Евангелля маладому пакаленню?
Клаўдыё Гуджэроцці: Я думаю, што тут некалькі важных аспектаў. Першая справа, каб мы самі былі людзьмі верагоднымі, бо верагоднасць – гэта асноўная ўмова. Маладыя людзі маюць здольнасць адчуваць вельмі моцна, ці той, хто гаворыць, гаворыць шчыра, ці гаворыць тое, што вывучыў ці чытае. Таму нам самім патрэбнае сэрца не фальшывае, не падробленае.
Той, хто працуе са студэнтамі, з моладдзю не можа быць толькі спецыялістам у галіне камунікацыі. Ён павінен перадаваць тое, што адчувае ў сваім сэрцы. Маладыя людзі могуць быць вельмі строгімі, калі адкрыюць, што хтосьці іх падманвае.
Другая праблема – праблема самой камунікацыі, таму што, каб камунікавацца з кімсьці, трэба разумець яго. Нават на ўзроўні лінгвістычным: калі мы звяртаемся да моладзі той самай мовай, якой звяртаемся да старэйшага пакалення, то моладзь нічога не разумее. І калі здарыцца, што тры-чатыры разы яны не зразумеюць, яны адыходзяць. Таму вялікая праблема у тым, каб быць разам з маладымі людзьмі, каб навучыцца іх спосабу камунікацыі і каб такім чынам магчы ім штосьці пераказаць.
І трэцяя справа – гэта не баяцца маладых. І не баяцца тых, якія баяцца таго, што мы працуем з моладдзю.
Ваша Эксцэленцыя, вельмі шмат ахрышчаных маладых людзей не практыкуюць сваю веру, не маюць кантакту з Касцёлам. Каб абудзіць у іх веру, трэба перш за ўсё наладзіць з імі кантакт. На Ваш погляд, ці могуць СМІ прывесці моладзь да асабістага спаткання з Хрыстом і Касцёлам? Які найбольш эфектыўны падыход павінен быць у каталіцкіх СМІ ў Беларусі, каб зацікавіць маладых людзей Хрыстом? Як Вы гэта бачыце?
Гэта дакладная заўвага, якую Вы зрабілі. Сродкі камунікацыі – гэта важная справа. Трэба, каб мы дакладна разумелі гэты тэрмін. Есць і камунікацыя, якая яшчэ перад радыё- ці тэлеперадачай, ёсць іншы спосаб камунікацыі – менавіта асабісты кантакт з чалавекам.
Але фундаментальная праблема ў тым, каб зрабіць так, каб людзі, якія прыходзяць у касцёл, адчувалі, што гэта іх дом. Што гэта не дом нейкай секты. Гэта іх дом – дом для людзей, што у ім людзі адчуваюць сябе блізка Бога. Мы ствараем гэтае адчуванне тым, што гэты дом прыгожы, і людзі бачаць гэтую прыгажосць і адчуваюць сябе ўтульна ў гэтых мурах.
Есць яшчэ сапраўдная паслуга, якую мы зараз адкрываем у касцёле. Гэта менавіта людзі, асобы, якія спатыкаюць тых, хто прыходзіць да нашых дзвярэй. У англасакскіх краінах гэта ўжо вельмі развіта. Кожная культура знаходзіць свае сродкі, каб стаць прывабным для людзей. Але людзі змяняюцца, і моладзь змяняецца, таму трэба шукаць новыя спосабы, як можна стаць прывабным для людзей, бо тое, што было прывабным 30 гадоў таму, сёння ўжо неактуальна.
Таксама з пункту гледжання сацыялогіі ёсць значная праблема менавіта ў тым, што бацькі гэтай моладзі часта не чулі, каб ім хтосьці гаварыў пра Бога. Бабулі чулі, а бацькі гэтага не мелі. І таму трэба выходзіць з касцёла і шукаць моладзь там, дзе яна ёсць, каб звярнуць іхнюю ўвагу на тое, што вера – гэта нешта такое, што і іх датычыцца.
Тут гаворка ідзе не пра тое, каб ініцыяваць закрытую групу, але пра кантакт з супольнасцю радаснай, якая і гэтай моладзі дасць сэнс жыцця. І вы вельмі шчаслівыя ў Беларусі, таму што ваша моладзь яшчэ гатовая і здольная слухаць. Ёсць мала тых, хто прапаведуе, але ёсць шмат тых, хто чакае гэтага. І такім чынам, калі ёсць мала прапаведнікаў, але ёсць шмат ксяндзоў, гэта азначае, што ёсць шмат ксяндзоў, якія не прапаведуюць. Альбо гэта можа значыць тое, што яны звяртаюцца да іншай часткі грамадзкасці, быць можа да людзей старэйшых, якія ўжо у касцёле.
Безумоўна, што праца з моладдзю заўсёды мае ў сабе пэўныя рызыкі. Але я ня ведаю той часткі жыцця касцёла, якая была б не рызыкоўная. І калі касцёл не рызыкоўны, гэта азначае, што ён ужо мёртвы. Але Евангелле кажа вельмі выразна “пакінуць мёртвым хаваць сваіх мёртвых”.
Тут, у Ваўкавыску мы можам убачыць шмат маладых людзей, якія прысвяцілі свой час, каб супольна памаліцца і падзяліцца радасцю сваёй веры. На Ваш погляд, якую ролю ў выхаванні маладога пакалення ў веры спаўняюць такія мерапрыемствы?
Перад усім, гэта нагода, каб быць разам, адчуваць супольнасць. Бо можна быць у групе і не быць у супольнасці, як, напрыклад, на дыскатэцы. Дыскатэка – гэта вялікая колькасць людзей, якія нібыта разам, але яны зусім не разам. Бо кожны з іх альбо адзін альбо са сваім сябрам ці сяброўкай, якіх спаткаў па нагодзе. Але тут, на гэтым мерапрыемстве, ёсць адчуванне таго, што ёсць штосьці, што ўсіх яднае. І тое, што прыгожа тут, і я казаў аб гэтым у сваім казанні – гэта тое, што тут яны могуць давяраць адзін аднаму. А гэта не здараецца так часта. Вось гэтая радасць быць разам і магчымасць давяраць іншаму – той фундамент, на якім можна будаваць прапаведаванне Евангелля.
Многія маладыя людзі маюць шчырую веру, але, на жаль, гэтай веры не хапае сталасці, яна трохі інфантыльная. І здараецца так, што малады чалавек пераходзіць з такой верай у свой дарослы ўзрост. Што вы можаце параіць маладым людзям, каб эфектыўна пазбаўляцца ад гэтага інфантылізму, каб узрастаць ў веры?
Гэта цяжкае пытанне… Таму што я пытаюся ў самога сябе: “А ці мая вера не інфантыльная?” Я б не стаў сам сцвярджаць, што мая вера – вера чалавека дарослага. Няхай Бог гэта ацэніць.
Ведаеце, мы не павінны думаць, што Касцёл – гэта нейкі праваднік, праз які мы кормім людзей, нават упіхваем ім нейкі корм, як кормяць індыкоў. А людзі гэта толькі спажываюць. Касцёл -- гэта простая рэчаіснасць, гэта сям’я, яна павінна быць ў той момант, калі маладыя патрабуюць. І гэты момант – момант, калі можна паглыбіць сваю веру. Аспект фармацыі у Касцёле, аспект адукацыі, культуры – гэта ўсё вельмі важныя рэчы, але гэты аспект можа быць настолькі завышаны, што не мае нічога супольнага з рэальным жыццём. Я ведаў тэолагаў, якія не былі веруючымі людзьмі.
І яшчэ…трэба памятаць пра тое, што вера павінна атрымліваць свой корм штодзённа, каб расці, і пра тое, што гэта не наша праца, а праца Духа Святога перад усім. Безумоўна, у той момант, калі мы будзем таксама слухаць Духа Святога – гэта дапаможа нам выконваць сваю душпастарскую працу значна лепш. І не наадварот.
Эксцэленцыя, якія словы Вы бы хацелі скіраваць да маладых, якія раз’едуцца зараз да месцаў сваёй працы ці вучобы? Што бы Вы хацелі пажадаць ці да чаго Вы б хацелі заахвоціць нашу моладзь?
Я хацеў бы, каб яны змаглі быць такімі радаснымі таксама і заўтра. Каб гэта спатканне не было такім штучным, што вось сёння яны адчуваюць радасць, а заўтра гэта радасць знікае. Вельмі важна, каб яны не адчувалі сябе разгубленымі альбо расчараванымі на наступны дзень пасля таго, як яны былі радасныя. Гэта вельмі шмат у чым залежыць ад святароў, сёстраў, манахаў. Так, як кажа Пан – трэба, каб гэта была радасць поўная і радасць, якая трывае. Гэта не азначае смяяцца ўвесь час, але іншае – што нават калі я плачу, у мяне ёсць радасць з таго, што Бог мяне любіць. Гэта досвед касцёла. Гэта неба на зямлі.
Дзякуй за размову
Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі, Ваўкавыск 10-12.05.2013