VI Нядзеля Вялікага посту (Пальмавая Нядзеля). С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN
Літургія слова на Вербную Нядзелю вельмі багатая ў змесце, яна пачынае Вялікі тыдзень - час асаблівых роздумаў і перажывання мукі і смерці Езуса Хрыста. Слова Божае паказвае нам вялікую любоў Бога да нас, грэшных людзей.
Хрыстос збаўляе нас праз сваю пакору і паслухмянасць, якое ў поўную моц Ён праявіў праз смерць на крыжы. Святы Павел піша ў пасланні да Філіпянаў пра Яго прыніжэнне: Хрыстос - Новы Адам, які выпраўляе грэх Адама. Мы ведаем, што Адам спакушаны сатаной, захацеў стаць богам - як бы "скрасці" быццё Бога, а Хрыстос - Божы Сын, ратуе нас ад граху Адама, робіцца слугою, "прынізіў самога сябе, стаўшы чалавекам, і гэтак стаў пакорным, што быў паслухмяны аж да смерці, і смерці крыжовай".
У Евангеллі мы чытаем, што сярод вучняў паўстае пытанне: хто ж з іх першы, на што Госпад адказвае: хто хоча стаць вялікім, няхай будзе тым, хто служыць, а не тым, каму служаць. І Ён даў нам прыклад такога служэння, пра што і гаварыў св. Павел філіпянам.
Няхай час Вялікага тыдня, калі мы ўзгадваем муку і смерць Хрыста, будзе часам, калі мы задамо сабе пытанне, а каму і як я служу, ці хачу я стаць вялікім праз пакорлівае служэнне? Цывілізацыя ХХІ ст. заклікае да таго, каб уладарыць над іншымі, а не служыць у любові і пакоры. Але сапраўдная любоў, якой вучыць нас Хрыстос і Які дае нам прыклад, праяўляецца толькі ў пакорлівым служэнні іншаму, калі я не шукаю сваёй выгоды, а таго, што лепш для тых, каго люблю.