Дзень засяроджання з нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця адбыўся ў Гродне 4 лютага.
На пачатку духоўнай сустрэчы ў пабрыгіцкім касцёле з прывітальным словам да кансэкраваных асобаў звярнуўся кс. др Раман Катлімоўскі, зацытаваўшы словы Бенедыкта XVI, якія ён сказаў на свята Ахвяравання Пана, каб кансэкраваныя асобы неслі радасць і надзею свету.
Пазней усе памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці.
Пасля малітвы аскетычную канферэнцыю для прысутных прамовіў а. Антоній Пажэцкі OFMConv, які працуе ў Гродне. Ён нагадаў прысутным пра духоўныя сродкі, якія дапамагаюць рэалізаваць манаскія абяцанні, а менавіта: штодзённыя разважанні, чатанне Божага Слова, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту і інш. А. Антоній нагадаў таксама пра тое, што манаскае жыццё павінна быць перапоўнена Божай радасцю, якая вынікае з гэтага паклікання.
Пазней адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, а таксама ўсе ахвотныя маглі прыступіць да сакраманту паяднання.
Пасля бласлаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам кансэкраваныя асобы накіраваліся ў гродзенскую катэдру, дзе адбылася св. Імша пад кіраўніцтам ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча. З казаннем выступіў а. магістр Юрый Саковіч OSPPE, пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах. У сваім казанні а. Юрый згадаў Ахвяраванне Езуса ў святыні, свята, на якое бл. Яна Павел ІІ у 1997 годзе прызначыў Сусветны дзень кансэкраванага жыцця.
- Жыццё хрысціяніна павінна быць падобным да свечкі ў падсвечніку: канкрэтным, празрыстым, палаючым як агонь, - казаў кс. Юрый. - Найсвяцейшая Панна Марыя прыносіць жыццё ў святыню, каб яно было на падсвечніку, каб яно было бачным. […] Не пагасім ў сабе жыцця веры. Вера – гэта нішто іншае, як даверлівае ахвяраванне сябе Богу, чаму вучыць нас Марыя. […] Вера Марыі надае сэнс чалавечым пошукам Бога. Яна раз’яснівае і набліжае чалавеку адзінае пасярэдніцтва Хрыста. Як Хрыстос абвясціў Сябе на дрэве Крыжа, гэтак Марыя выраклася ўсяго, каб дапамагчы ўзрастаць у сабе Богу, які з Яе стаўся Чалавекам.
Усяго ў Дні засяроджання прымала ўдзел больш за 70 манаскіх сясцёр і братоў.