Skip to main content

У Слоніме адбыўся 8 турнір па міні-футболе

З 30 лістапада па 1 снежня ў Слоніме адбыўся 8 турнір па міні-футболе памяці бл. Яна Паўла ІІ, які правёў кс. Артур Малафей, Аляксандр Гусар (кіраўнік футбольнага клуба “Камунальнік” у Слоніме) пры падтрымцы генеральнага спонсара Баляслава Івашка.

У гэтым годзе спартыўнае мерапрыемства сабрала каля 100 удзельнікаў з 10 каталіцкіх парафій (Гродна-Паўднёвы, Гродна-Аўгустоўка, Барысаў, Жабінка, Брэст, Слонім, Ліда, Шчучын, Сапоцкіна, а таксама зборная каманда святароў Гродзенскай дыяцэзіі).

Першы дзень распачаўся св. Імшой, якую ўзначаліў кс. А. Малафей у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. На пачатку св. Імшы пробашчам мясцовай парафіі, кс. Ігарам Анісімавым быў зачытаны прывітальны ліст кс. б-па Аляксандра Кашкевіча. У казанні кс. Віталій Цыбульскі наблізіў прысутным тэму Касцёла і спорта ў жыцці хрысціяніна. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі турніра мелі магчымасць аддаць пашану рэліквіям бл. Яна Паўла ІІ. Пазней кс. Антоній Абухоўскі прачытаў духоўна-аскетычны даклад на тэму “Год Веры ў Касцёле – чым з’яўляецца для хрысціяніна?”.

Пасля духоўнай часткі сустрэчы адбылося лёсаванне каманд, дзе ўдзельнікі былі падзелены на дзве групы.

Першы дзень спартыўных баталій на групавым узроўні вызначыў пераможцаў у падгрупах.

Другі дзень распачаўся таксма са св. Імшы, якую ўзначаліў кс. Віталій Бандаронак (пробашч парафіі св. Андрэя ў Слоніме), затым адбыліся паўфінальныя матчы за выніковыя месцы турніра:

За 9 месца

Зборная Святароў 5 : 3 Барысаў

За 7 месца

Шчучын 3 : 2 Ліда-Фара

За 5 месца

Брэст 3 : 2 Сапоцкіна

За 3 месца

Гродна-Аўгустовак 5 : 2 Слонім

За 1 месца

Жабінка 3 : 5 Гродна-Паўднёвы

Паводле вынікаў турніра былі вызначаны лепшыя ў наступных намінацыях:

Лепшы галкіпер турніра - Павел Паўлоўскі (Гродно-Аўгустовак)

Лепшы нападаючы турніра - Сцяпан Каліберда ( Гродно-Паўднёвы)

Лепшы ігрок турніра – Андрэй Салей (Жабінка)

Прыз сімпатый гледачоў - каманда Ліда-Фара

Варта адзначыць, што ўсе ўдзельнікі турніра атрымалі памятныя падарункі. Словы ўдзячнасці ўсе ўдзельнікі турніра выказваюць спонсарам:

Генеральны спонсар турніра сп. Баляслаў Івашка (ААТ « Віботорг»)

Сп. Рамуальд Мацюкевіч («Тайфун» , будаўнічыя сумесі «LUX»)

Сп. Марыя Куель (Аб’яднанне ім. св. Юзэфа Каласанса ў Варшаве)

Кс. Віталій Дабраловіч (Дырэктар «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі)

Кс. Ігар Анісімаў (пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме)

Сп.Юрый Бяссонаў (дырэктар Слонімскага ўпраўлення магістральных газапровадаў ААТ «Белтрансгаз»)

Пастаральны Цэнтр Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Год Веры для кожнага католіка з’яўляецца часам разважанняў над уласнай духоўнасцю. Сучаснаму маладому чалавеку ўсё больш складана жыць верай штодня. Асабліва заўважальна гэта, калі малады чалавек губляе хрысціянскія вартасці, паддаючыся розным спакусам.

Турнір, які восьмы раз адбываецца ў Слоніме, з’яўляецца добрай нагодай нагадаць маладому пакаленню, што ўсё, згодна з заклікам апостала Паўла, трэба рабіць на Божую хвалу. Спорт і розныя забавы павінны выконваць адзіную мэту – весці да пазнання Бога і бліжняга. Спорт вучыць маладзёнаў шанаваць іншага чалавека, незалежна ад выніку.

кс. Артур Малафей

Здымкі будуць дададзеныя пазней