22 лістапада ва ўспамін св. Цэцыліі адбыўся канцэрт дыяцэзіяльнага хора “Cantate Domino” у парафіі Божай Міласэрнасці ў гродзенскім мікрараёне Вішнявец. У гэты асаблівы дзень канцэрт наведалі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, пробашч гродзенскага кафедральнага касцёла кс. Ян Кучынскі, галоўны рэдактар газеты “Слова жыцця” кс. Павел Салабуда, кс. др Раман Катлімоўскі, генеральны консул РП у Гродне спадар Анджэй Хадкевіч, а таксама шматлікія жыхары Гродна.
На самым пачатку а 19-й гадзіне на чале з гродзенскім ардынарыем была цэлебравана ўрачыстая св. Імша ў інтэнцыі хора. У казанні кс. др Раман Катлімоўскі, спасылаючыся на гераічнасць хрысціянскага жыцця святой Цэцыліі, сказаў, што шчырая і сапраўдная любоў заўсёды патрабуе ахвяры. Прыкладам свайго жыцця св. Цэцылія прыгожа напявала акорды любові, прабачэння, надзеі і глыбокай веры да свайго Тварца. Кс. Раман таскама заклікаў усіх прысутных далучыцца да аднаго супольнага спеву, якім з’яўляецца Божая любоў, праз паасобныя ноты добрых учынкаў і такім чынам паказваць прыгажосць любові да Езуса Хрыста. Напрыканцы Эўхарыстычнай Ахвяры кс. біскуп падзякаваў хору за іх служэнне на хвалу Бога праз прыгажосць спеву.
Хор Cantate Domino пачаў сваё існаванне амаль з часам заснавання парафіі ў гродзенскім мікрараёне Вішнявец у 1995 годзе. Заснавальнікам хора і кіраўніком ужо на працягу 13 гадоў з'яўляецца спадар Генрых Давідовіч, які паходзіць з в. Новы Двор Шчучынскага раёна. Праз некаторы час гродзенскі архіпастыр пажадаў творчай музычнай групе надаць статус дыяцэзіяльнага хора.
Некалькі месяцаў таму творчы калектыў хора ў Беластоку запісаў другі па ліку дыск (першы дыск з агульным рэлігійным рэпертуарам быў запісаны некалькі гадоў таму) з калядкамі і пастаралкамі, які ў хуткім часе можна будзе набыць. На дадзены момант хор з 45 маладых асобаў актыўна развіваецца, пашыраючы свой рэпертуар. Пастаянна, два разы ў тыдзень (аўторак і чацвер) праводзяцца рэпетыцыі. Традыцыйна кожную першую нядзелю месяца ў 11 гадзін прыгожы спеў хора можна пачуць у парафіі на Вішняўцы, а таксама падчас вялікіх святаў у гродзенскім кафедральным касцёле імя Францішка Ксаверыя.
Кіраўнік і дырыжор дыяцэзіяльнага музычнага калектыва з Вішняўца спадар Генрых Давідовіч аказаўся вельмі сціплым чалавекам, які не вельмі любіць расказваць аб сабе. Аднак яго праца кажа аб вялікай тэленатавітасці і мэтанакіраванасці гэтай асобы. Па прычыне заклапочанасці перад св. Імшой і канцэртам, спадар Генрых вельмі лаканічна выказаўся пра свой занятак:
- Хор – гэта маё жыццё. І калі ты адчуваеш, што гармонія гукаў даходзіць да сэрца чалавека, то гэтая праца мілая Богу і патрэбная людзям.
Фотаздымкі будуць дададзны пазней