Два навучэнцы Гродзенскай ВДС, удзельнікі Місійнага семінарыйнага кола прымуць удзел у місіялагічнай сесіі і малітоўных чуваннях на Яснай Гары 1-2 снежня, якія штогод арганізуе Папская Місійная Унія. Місіялагічная сесія ў Чанстахове сёлета ладзіцца пад дэвізам “З радасцю абвяшчаем веру ўсяму свету”.
Ганаровым госцем місійнай сустрэчы будзе абп Зыгмунд Зімоўскі, старшыня Папскай Рады па справах Душпастарства хворых і службы здароўя, які апоўначы ўзначаліць Эўхарыстыю і абвесціць казанне.
Як распавёў клерык Чэслаў Ладыка, удзельнікі Місійнага кола, якое дзейнічае пры Гродзенскай ВДС, традыцыйна прымаюць удзел у летніх і зімовых місіялагічных сесіях. У Польшчу на місійныя сустрэчы прыязджаюць святары і клерыкі з розных семінарыяў, кляштараў Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы. Місійнымі сведчаннямі падзеляцца місіянеры з Камеруну і Перу.
Місійнае кола пры Гродзенскай ВДС дзейнічае ўжо пяць гадоў. У кожную пятніцу клерыкі моляцца за распаўсюднікаў веры, а таксама за людзей, якія жывуць у місійных краінах, адпраўляючы ў пабернардынскім касцёле ў Гродне Крыжовы шлях і ахвяруючы поўны адпуст за памерлых місіянераў. Таксама семінарысты ахвяруюць асабістую малітву ў Папскіх місійных інтэнцыях. Два разы на месяц яны маюць сустрэчы, падчас якіх даведваюцца аб місійнай сітуацыі Касцёла ў свеце, а таксама дыскутуюць на актуальныя місійныя праблемы.
Адной з акцыяй Місійнага кола з’яўляецца, напрыклад, збор розных пагашаных паштовых марак, якія адпраўляюцца польскім філатэлістам. Атрыманыя за іх грошы перадаюць місіянерам ў Польшчы на місійныя патрэбы. (Семінарысты з удзячнасцю прымуць розныя маркі на гэтыя патрэбы, калі хтосьці мае магчымасць імі падзяліцца). Падчас адной з апошніх сустрэч Місійнага кола кс. Ежы Левіньскі распавёў пра свой досвед місій у Казахстане, а таксама перадаў семінарыстам маркі, якія святар збіраў цягам 20 гадоў.