Skip to main content

100-годдзе касцёла ў Міжэрычах (дададзены фотарэпартаж)

Заканчэннем урачыстасці да 100-годдзя касцёла ў Міжэрычах была св. Імша, якая адбылася 21 кастрычніка ў парафіяльным касцёле пад кіраўніцтвам пастыра дыяцэзіі кс. бп Аляксандра Кашкевіча.

На пачатку супольнай малітвы вернікі разам са сваім пробашчам кс. Дзянісам Шмыгіным прывіталі пастыра каля брамы перад уваходам у касцёл. Па старой добрай звычцы кс. бп выказаў знак павагі рэліквіям пацалункам і акрапіў вернікаў асвячонай вадой. У той час як вернікі прывіталі пастыра цёплым паэтычным словам, а таксама хлебам з соллю.

Пасля ўрачыстага ўваходу ў юбілейную святыню кс. бп Аляксандр разам са шматлікімі святарамі памаліўся перад абразом Маці Божай Міжэрычскай. На пачатку св. Імшы Яго Эксцэленцыя заахвоціў усіх сабраных да падзякі за 100 год гэтай прыгожай святыні, якая для кожнага “з’яўляецца домам жывога Бога”.

Ксёндз біскуп прывітаў таксама а. Яна Банькоўскага OFM Cap, які быў пробашчам у гэтай святыні 20 гадоў і прыбыў на запрашэнне сённяшняга пробашча і парафіян. Звяртаючыся да гісторыі, ксёндз біскуп узгадваў, як шмат айцец Ян зрабіў для вернікаў у гэтай парафіі.

Гамілію з гэтай нагоды казаў кс. Віталі Дабраловіч, які на пачатку узгадваў гісторыю гэтага касцёла, пра тое, як доўгі час не было малітвы, а быў склад пад збожжа і тэхніку. Кс. Віталі зрабіў акцэнт на тым, што кожны вернік з’яўляецца малой цаглінкай гэтай святыні. Ён заклікаў прысутных да таго, каб “быць жывым каменем паўсюднага Касцёла”. Кс. Віталі таксама прасіў усіх вернікаў даваць сведчанні штодня сваім жыццём, асабліва ў Год веры. Казнадзей прасіў вернікаў быць адказнымі за сваю святыню.

Пасля прыняцця св. Камуніі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Падчас ружанцовай малітвы ўсе дзякавалі Маці Божай за дар прыгожай святыні ў Міжэрычах. Урачыстая працэсія, а таксама гімн “Цябе, Божа, Выслаўляем” былі заканчэннем святкавання літургічнага юбілею 100-годдзя.

Пасля супольнай малітвы кс. проб. падзякаваў усім за дабрыню і дапамогу, прадстаўнік праваслаўнай Царквы а. Віктар падкрэсліў, што гэта супольнае свята, бо чалавек аддае хвалу жывому Богу. Прадстаўнікі мясцовых улад зазначылі, якое важнае месца займае святыня ў Міжэрычах для ўсіх людзей.

У той час як кс. бп Аляксандр усім абвясціў радасную навіну пра тое, што а. Ян Банькоўскі атрымаў ад папы Бенедыкта XVI медаль, а таксама вылучэнне за развіццё веры, а таксама душпастарскую працу. Пасля адчытання папскай намінацыі кс. Раманам Катлімоўскім, а таксама ўручэння медалю настаяцеля айцоў капуцынаў беларускай правінцыі, а. Ян Банькоўскі паведаміў, што для яго найважнешай узнагародай з’яўляецца прысутнасць людзей у касцёле, што чалавек любіць касцёл і ідзе ў яго.

Яшчэ настаўнікі і дзеці падрыхтавалі для гасцей музычна-слоўны ролік аб гісторыі святыні і парафіі.

- Каб мы моцна трывалі ў веры, - такім было пасланне ў Год веры з вуснаў усіх удзельнікаў прыгожай урачыстасці 100-годдзя касцёла ў Міжэрычах.

Кс. Павел Салабуда

Фотарэпартаж будзе дададзены пазней