Skip to main content

Алкагалізм і п’янства – трагедыя сучаснай Беларусі

Як паведаміў Беларускаму Тэлеграфнаму Агентству загадчык рэабілітацыйнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя У. Іваноў, на дадзены момант каля 1 млн. чалавек у Беларусі злоўжываюць алкагольнымі напоямі.

 "У Беларусі пражываюць каля 1 млн. грамадзян, якія злоўжываюць алкоголем, каля 200 тыс. хворых на алкагалізм стаяць на ўліку, і гэтая лічба практычна не змяняецца дзесяцігоддзямі. Што тычыцца ўзроўню спажывання алкаголю, то пры абсалютнай даступнасці спіртных напояў мы не маем права чакаць істотных ваганняў", - сказаў Уладзімір Іваноў.

П’янства і алкагалізм гэта праблема ўсяго грамадства, якая якімсьці чынам закранае амаль што кожнага нас. Адной з асноўных прычын празмернага ўжывання алкаголю дарослымі з’яўляецца асабісты духоўны крызіс, які палягае на пошуку прыемнасці, радасці і шчасця ў псіхаактыўных рэчывах. Алкагалізм – перш за ўсё духоўная хвароба, стан, у якім асоба пры дапамозе алкаголю імкнецца забыць жыццёвыя праблемы і цяжкасці, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння, заглушыць у сабе ўнутраны страх і адзіноту, дзеля мімалётнага адчування радасці і добрага самапачуцця.

Нішто не можа наталіць чалавечае сэрца сапраўдным унутраным супакоем і радасцю, як глыбокая і шчырая вера ў Бога. Толькі вера дапамагае не баяцца вырашэння асабістых праблем і дазваляе адкрыць каштоўны дар жыцця ў цвярозасці.