У суботу 13 кастрычніка адбылося апошняе ў гэтым годзе Фацімскае набажэнства ў парафіі св. Юды Тадэвуша ў вёсцы Вішнева, Смаргонскага дэканата. На гэтым, не вельмі вядомым для большасці вернікаў з нашай дыяцэзіі набажэнстве ўдзельнічалі не толькі мясцовыя католікі, але таксама каля 20 вернікаў з Ашмян, для якіх невялікую пілігрымку ў гэтае месца зладзіў іх пробашч.
Паводле кс. пробашча Антонія Казлоўскага, Фацімскае набажэнства ў парафіі ў Вішневе мае вельмі глыбокі духоўны сэнс, таму што кожны член парафіяльнай супольнасці асаблівым чынам у еднасці з паўсюдным Касцёлам можа падзякаваць Найсвяцейшай Маці за атрыманыя ласкі, якія Яна выпрошвае ў свайго Сына Езуса Хрыста, а таксама праз Яе заступніцтва занесці да нашага Збаўцы свае праблемы і штодзённыя клопаты. Падчас святой Імшы, якую цэлебравалі шматлікія святары з суседніх парафій на чале з кс. Янам Пузынай, дзеканам Ашмянскага дэканату, кс. дыякан Павел Беразун, які на дадзены момант праходзіць практыку ў парафіі ў Свіры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ў сваім казанні нагадаў, што Найсвяцейшая Дзева Марыя з’яўляецца для кожнага з нас у першую чаргу прыкладам і шляхам да Езуса і хоча давесці нам гэта рознымі спосабамі. Фацімскае набажэнства - гэта адзін з такіх спосабаў. Як паведаміў пробашч парафіі св. Міхаіла Арханёла ў горадзе Ашмяны, галоўнай мэтай паездкі найбольш актыўнай групы яго парафіян было ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы Марыі праз прыняцце ўдзелу ў Фацімскім набажэнстве, якое таксама звязана з пазнаннем новай формы рэлігійнага досведу. Фацімскае набажэнства ў парафіі св. Юды Тадэвуша праводзіцца з 2006 года. Фацімскае набажэнства праводзіцца адзін раз у кожны 13 дзень месяца з мая па кастрычнік (менавіта ў гэты час у 1917г. адбываліся аб’яўленні Багародзіцы). Падчас гэтага набажэнства вернікі моляцца на ружанцы і паміж кожнай яго таямніцай спяваюць марыйныя песні. Падчас гэтай малітвы на другой і чацвёртай дзясятцы вернікі, трымаючы ў руках ружанцы, уздымаюць уверх рукі на знак просьбы аб дапамозе і чынення пакуты за грахі свету, да чаго заклікала Найсвяцейшая Маці, калі аб’яўлялася траім партугальскім дзецям у Фаціме. Асноўнай мэтай Фацімскіх пасланняў Божай Маці з’яўляецца заклік усіх людзей да навяртання.
Фотаздымак з http://museumsmorgon.by
Фотарэпартаж Станіслава Гарлуковіча, Ашмяны
/YZ/