Skip to main content

У Іўі ў гонар адзінства і сяброўства канфесій адкрыты памятны знак

16 чэрвеня ў Іўі адзначалі Дзень горада. Галоўнай падзеяй гэтага свята стала адкрыццё памятнага знака ў гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны. Іўеўчане і госці ўрачыстасці распачалі гэты святочны дзень у сваіх святынях: католікі – у касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла, праваслаўныя – у царкве св. мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага, мусульмане – у мячэці.


Пасля малітвы аб еднасці народаў усе прайшлі ў працэсіях па вуліцах горада і сышліся на плошчы, дзе ўзвысіўся памятны знак з чатырох белых стромкіх арак, сімвалізуючых чатыры канфесіі Іўеўшчыны. Кожная з арак была развернута тварам да сваёй святыні і з’яўлялася адлюстраваннем канфесій і рэлігій.

На арцы каталіцкай канфесіі размешчаны вобраз Блаславёнага Яна Паўла ІІ у поўны рост і надпіс “Адчыніце дзверы Хрысту!” Гэты памятны знак быў урачыста асвечаны. З прамовай да суайчыннікаў звярталіся святары і прадстаўнікі канфесій. Ад імя каталіцкага касцёла да ўсіх прысутных звярнуліся ксёндз Ян Гавецкі і запрошаны на ўрачыстасць дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Ян Сабіла.

Сярод свецкіх і духоўных гасцей у святочным мерапрыемстве з боку католікаў прымалі ўдзел: генеральны консул Польшчы Анджэй Хадкевіч, прадстаўнікі літоўскага консульства на чале з Дале Міцкене і літоўскай дыяспары з Ліды са старшынёй спадарыняй Марынай, святары з Іўеўскага дэканата і з іншых касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі, музычныя суполкі: хор Гродзенскай дыяцэзіі “Cantate Domino”, хор літоўскай песні “Ruta” з г. Ліды.

Для 143 парафіян суботні вечар стаў вельмі важным у асабістым духоўным жыцці: яны прынялі сакрамант канфірмацыі.