6 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне падзякавалі ранейшаму рэктару, кс. каноніку Віталію Вайцяхоўскаму, за служэнне на гэтай пасадзе і прывіталі новага рэктара – кс. Яна Раманоўскага.
Ксёндз Віталій Вайцяхоўскі быў рэктарам семінарыі з 2018 г., а выкладае ў ёй з 2011-га. У мінулым месяцы біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў яго пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах – на месца раптоўна памерлага кс. Яна Варанецкага, – і адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Анёлаў Ахоўнікаў у Анжадаве (Ашмянскі дэканат).
Ксёндз Ян Раманоўскі, якога біскуп Гродзенскі прызначыў новым рэктарам семінарыі, да гэтага часу быў яе прэфектам. Ксёндз Віталій Вайцяхоўскі працягне працаваць у семінарыі – застаецца там выкладчыкам філасофскіх дысцыплін.
У капліцы семінарыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. У гаміліі іерарх разважаў над прыпавесцю пра добрага самараніна, змешчанай у літургічных чытаннях гэтага дня. Заклік Езуса Хрыста браць прыклад з самараніна, які ў гэтай прыпавесці не прайшоў міма параненага і дапамог яму, біскуп назваў “праграмай хрысціянскага жыцця”.
“Святар — чалавек, які павінен вучыцца ў Езуса гэтаму, – сказаў іерарх. – Святарскае пакліканне — не статус і не пасада, а ўменне бачыць і быць побач. І сёння мы можам сказаць: ксёндз Віталій у сваім служэнні быў менавіта такім чалавекам. Ён не рабіў шмат шуму вакол сябе, а быў верным, ціхім, спакойным слугою, які заўсёды быў побач, калі трэба. Ён ведаў, што семінарыя — гэта не толькі навучальная ўстанова, але і дом, дзе трэба выхоўваць сэрцы. І ў гэтым доме ён быў сапраўдным айцом — уважлівым, стрыманым, але прысутным. Мы дзякуем Богу за яго вытрымку, за цярплівасць, за тое, што ўмее слухаць і дапамагаць”.
“Бог сапраўды давярае людзей нам, святарам. Ён нібы кажа кожнаму святару: “Паклапаціся пра тых, каго Я табе даверыў”. І сёння гэтае даручэнне перадаецца новаму рэктару — ксяндзу Яну Раманоўскаму. Бог кажа яму тое ж: “Паклапаціся пра іх”. Паклапаціся пра семінарыстаў, пра іх духоўнае жыццё, пра іх шлях да паклікання, пра іх чалавечае сталенне. Клопат, малітва, сведчанне і прысутнасць — вось што патрэбна найбольш. І ўпэўнены, што гэта служэнне вы, ксёндз Ян, возьмеце не як цяжар, а як дар і давер Божы. Рэктар — гэта не начальнік, а чалавек, які вядзе. Ідзе разам, слухае, падтрымлівае. Менавіта ў гэтым сіла кіраўніцтва ў Касцёле — у служэнні”, – адзначыў біскуп.
Па яго словах, прыпавесць пра добрага самараніна асабліва адрасавана семінарыстам. “Вы пакінеце сцены семінарыі, і Бог пашле вас у свет, – сказаў іерарх. – Там будуць людзі з параненымі сэрцамі, зблытаныя лёсы, нялёгкія сітуацыі. І менавіта там Бог спытае: ці будзеш ты для іх бліжнім? Семінарыя — школа любові. Тут вы павінны вучыцца не толькі ведам, але і чалавечнасці. Тут Бог фармуе вашыя сэрцы. І ўсё пачынаецца з дробязяў: з умення прывітацца, падзякаваць, паслухаць, дапамагчы, зрабіць крок насустрач. Гэта таксама святарскае жыццё! Часам здаецца, што вялікія справы нараджаюцца з вялікіх рашэнняў. Але ў Божых вачах вялікае пачынаецца з маленькага – там, дзе чалавек не баіцца спыніцца і ўбачыць іншага”.
“Ксёндз Віталій пакінуў пасля сябе добры след — не гучныя словы, а атмасферу даверу, спакою, узаемнай павагі. Ён умеў бачыць не толькі праблему, але і чалавека. І таму многія, хто сёння служыць у парафіях, будуць памятаць яго не за загады, а за чалавечнасць. Гэта самае каштоўнае, што можа пакінуць кіраўнік”, – сказаў біскуп. Ён дадаў, што разам з супольнасцю семінарыі моліцца аб тым, каб на новым месцы служэння, у ашмянскай парафіі, у ксяндза Віталія былі “новыя сілы, новы запал, новае дыханне Духа Святога” для працягу “таго, што ён рабіў у семінарыі, — выхавання людзей да веры, да любові, да святасці”.
Іерарх назваў змену рэктара “не канцом нейкага этапу, а працягам, сведчаннем таго, што Касцёл жыве і рухаецца наперад”. Новага рэктара біскуп заахвоціў: “Будзь рэктарам, які слухае. Слухай Бога, слухай семінарыстаў, слухай патрэбы Касцёла. У маўчанні часта гаворыць Дух Святы. Будзь рэктарам, які моліцца. Без малітвы ўсе нашы намаганні будуць пустымі. Калі святар жыве малітвай — жыве ўсё яго асяроддзе. Будзь рэктарам, які аб’ядноўвае. Семінарыя — гэта дом, дзе ўсе павінны адчуваць сябе братамі. Аб’ядноўвай сэрцы, не дазваляй, каб хто-небудзь адчуваў сябе адзінокім. Будзь рэктарам, які натхняе. Дай семінарыстам прыклад любові да Касцёла, да Беларусі, да людзей. Няхай яны бачаць у табе чалавека, які жыве тым, што абвяшчае. Будзь рэктарам, які служыць. Служыць — гэта не азначае загадваць, гэта значыць аддаваць сябе цалкам, без рэшты, у рукі Бога і людзей”.
Семінарыстам біскуп сказаў, што ў гэты дзень Бог паказвае ім “на двух святароў — на таго, хто заканчвае сваю місію, і на таго, хто пачынае, і абодва яны — прыклад вернасці, пакоры і любові да Касцёла”.
Семінарысты выказалі ксяндзу Віталію падзяку за служэнне на пасадзе рэктара і пажадалі Божай дапамогі на новым месцы служэння. У сваю чаргу ён падзякаваў біскупу за аказаны давер, падзякаваў таксама сваім супрацоўнікам і ўсёй супольнасці семінарыі за шлях, пройдзены разам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі