Skip to main content

Біскуп Гродзенскі наведаў евангелізацыйную супольнасць “Эхад”

ehad 7

2 кастрычніка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў каталіцкую евангелізацыйную супольнасць “Эхад”.

Супольнасць дзейнічае пры катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, яе афіцыйны статус у Каталіцкім Касцёле быў зацверджаны ў 2024 г. Асноўны напрамак дзейнасці супольнасці – евангелізацыя і духоўнае развіццё яе членаў, сяброў і ўсіх, хто наведвае яе сустрэчы. “Эхад” цесна супрацоўнічае з іншымі каталіцкімі супольнасцямі з розных гарадоў, імкнецца прыносіць плёны на дабро Каталіцкага Касцёла і хрысціянскага свету.

Сустрэча біскупа з прадстаўнікамі супольнасці пачалася малітвай праслаўлення. Таксама ў межах сустрэчы новыя члены “Эхад” падпісалі дэкларацыі. Адбылася размова, падчас якой біскуп азнаёміўся са структурай супольнасці. Акрамя таго, прысутныя падзяліліся сведчаннямі з жыцця супольнасці і асабістага жыцця.

Біскуп звярнуўся да членаў “Эхад”, заахвоціўшы іх працягваць сваё служэнне і ўмацоўваць адзін аднаго ў Езусе Хрысце.

Як паведамілі прадстаўнікі супольнасці, візіт іерарха стаў для яе адметнай і радаснай падзеяй.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі