Skip to main content

У гродзенскай парафіі, дзе служаць францішкане, ва ўспамін заснавальніка іх ордэну адбылася канфірмацыя

bezmowanie frantiszkany 6

5 кастрычніка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай, дзе служаць францішкане. Напярэдадні быў літургічны ўспамін заснавальніка іх ордэну – святога Францішка Асізскага.

У гаміліі біскуп адзначыў, што “кожная канфірмацыя — маленькая Пяцідзясятніца”, што на канфірмацыі “Касцёл, як маці, збірае сваіх дзяцей і кажа: “Я хачу, каб вы былі дарослымі ў веры, каб ваша вера была моцнай, як дрэва, што расце з маленькага зерня”.

Словы літургічнага чытання гэтага дня, у якіх прарок кажа Богу: “Дакуль я буду клікаць, а Ты не чуеш?”, біскуп назваў “вельмі сучаснымі”. “Прарок бачыць несправядлівасць, насілле, зло, і яму здаецца, што Бог маўчыць. Хіба ў нас сёння няма тых жа пытанняў? Дакуль будуць войны? Дакуль будуць пакутаваць нявінныя? Чаму людзі пакутуюць, чаму зло так моцна прысутнічае ў свеце? І ў асабістым жыцці мы таксама пытаем: чаму хвароба? чаму крыўда? чаму няпраўда?

Бог адказвае прароку вельмі коратка: “Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці”. Гэта значыць: ты не ўсё зразумееш, але калі будзеш давяраць Мне, то будзеш жыць. Такая вера нараджае ў сэрцы надзею, што Бог верны, што Ён вядзе гісторыю, што Ён не пакінуў свет”, – патлумачыў біскуп.

Словы наступнага чытання, у якіх апостал заклікае: “Распалі дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук”, іерарх назваў асабліва значнымі для канфірмаваных. “Вера не жыве сама па сабе. Калі пакінуць агонь без дроў, ён згасне. Так і з верай: калі няма малітвы, няма Божага слова, няма Эўхарыстыі, няма любові — яна згасае, – сказаў біскуп, звяртаючыся да маладых парафіян, якія прыступалі ў гэты дзень да канфірмацыі. – Вы жывяце ў свеце, дзе вельмі лёгка баяцца: баяцца будучыні, баяцца адказнасці, баяцца прызнацца ў сваёй веры. У школе, на вучобе, у інтэрнэце часта цяжка адкрыта сказаць: “Я хрысціянін”. Але Бог не хоча, каб вы былі баязлівымі. Ён дае вам дух мужнасці, дух любові і дух яснасці розуму. Канфірмацыя — гэта не сакрамэнт страху, а сакрамэнт адвагі”.

bezmowanie frantiszkany 10

Па словах біскупа, вера “праяўляецца не толькі ў вялікіх падзеях, на самой справе яна жыве ў малым”: “калі робіце знак крыжа перад вучобай, калі не саромеецеся сказаць: “Я католік”, калі дапамагаеце бацькам без просьбы, калі не ўдзельнічаеце ў кепскай размове, калі моліцеся перад сном, калі прыходзіце на нядзельную Імшу”.

Іерарх дадаў, што сучасны свет “прапануе шмат ілюзій”: “сацыяльныя сеткі, якія часта вучаць параўноўваць сябе з іншымі і губляць час; культура спажывання, якая кажа: “Шчасце ў тым, каб мець як мага больш”; ціск асяроддзя: “Быць як усе”. “Але хрысціянін пакліканы быць іншым, – падкрэсліў біскуп. – Не злівацца з натоўпам, а быць святлом”.

Ён прывёў прыклады тых, хто быў “сведкамі Бога”: святы Карло Акуціс, падлетак, які жыў у ХХІ стагоддзі; беларуская благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, якая аддала жыццё за цяжарную нявестку; святары, законныя сёстры і свецкія вернікі, якія не адмовіліся ад веры ў часы пераследу; святы Максімільян Марыя Кольбэ, які служыў у гэтай гродзенскай парафіі, а пасля аддаў у асвенцымскім канцлагеры сваё жыццё за іншага вязня. Нагадаў біскуп і пра Францішка Асізскага, чый успамін святкавалі ў гэтыя дні яго наступнікі-францішкане: “Ён паказаў, што сапраўднае багацце — не ў грошах, а ў простасці і любові. Ён быў чалавекам радасці, бо жыў Евангеллем літаральна”.

“Сёння вы кажаце Богу “так”. Але гэтае “так” трэба паўтараць кожны дзень, – сказаў біскуп канфірмаваным. – Будучыня Касцёла, а таксама і сучаснасць, залежыць ад вашай веры. Калі моладзь верыць, то Касцёл жывы. Калі моладзь губляе веру, Касцёл слабее”.

У канцы літургіі пробашч парафіі а. Сяргей Мігун OFMConv выказаў іерарху ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту, пастырскае слова і благаслаўленне.

Маладыя людзі, якія прыступілі да канфірмацыі, падзякавалі ўсім, хто рыхтаваў іх да гэтай падзеі. Асаблівую падзяку яны выказалі сваім душпастырам і катэхетам за клопат і духоўную апеку.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі