У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. Свае віншаванні з гэтай нагоды выказвае біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Дарагія настаўнікі!
Сёння, у Дзень настаўніка, з асаблівай удзячнасцю і пашанай звяртаюся да ўсіх вас – тых, хто прысвяціў сваё жыццё справе навучання і выхавання.
Вашая праца – сапраўднае служэнне, якое выходзіць далёка за межы прафесіі. Гэта пакліканне, якое патрабуе не толькі ведаў, але і вялікага сэрца, адкрытага для чалавека.
Настаўнік – гэта інжынер чалавечых душ, архітэктар характару, лекар хвароб росту, трэнер інтэлекту і памяці.
Вы становіцеся для дзяцей і моладзі не толькі тымі, хто вучыць матэматыцы ці літаратуры, гісторыі ці мовам. Вы – тыя, хто вучыць жыццёвай мудрасці, паказвае шлях да праўды, дабрыні і справядлівасці. Кожны ваш урок – зерне, якое падае ў сэрца вучня і з цягам часу прыносіць плён.
Удзячны вам за цярпенне, з якім штодня суправаджаеце сваіх вучняў, за настойлівасць у перадачы ведаў, за тое, што нават перад абліччам цяжкасцяў не страчваеце веры ў чалавека. Вашая праца – нябачны, але вельмі моцны падмурак грамадства, будучыні нашай Бацькаўшчыны і Касцёла.
Асабліва дзякую тым настаўнікам, якія асвятляюць сваё выхаваўчае служэнне святлом веры, паказваюць вучням, што сапраўдная мудрасць паходзіць ад Бога, і сваім жыццём сведчаць пра Евангелле.
Дарагія настаўнікі! Няхай Пан Бог адорвае вас сваёй ласкай і моцай, каб ваша праца прыносіла радасць і задавальненне. Няхай Дух Святы натхняе вас, каб у сэрцах вучняў вы маглі распальваць любоў да праўды і дабра.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Настаўніца жыцця і Маці ўсіх людзей, трымае вас пад сваім матчыным плашчом і падтрымлівае кожны дзень, калі вы спаўняеце сваю высакародную місію.
З глыбокай пашанай і пастырскай малітвай
Ваш біскуп Уладзімір