Skip to main content

У Іўі адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Францішка і парафіяльныя дажынкі

iue dzynki 6

4 кастрычніка ў іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Францішка Асізскага, якога Касцёл успамінае ў літургіі ў гэты дзень.

У іўеўскай парафіі ў гэты дзень вернікі па традыцыі дзякуюць Богу за вырашчаны ўраджай, таму ўрачыстасць стала таксама святам дажынак.

Парафіяне падрыхтавалі да гэтай падзеі адпаведныя дэкарацыі і дары для ўпрыгожвання святыні. Фантазію і энтузіязм праявілі разам малітоўныя групы, духавенства, моладзь і старэйшыя вернікі.

На Імшы ў межах урачыстасці біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка ў гаміліі звярнуў увагу на прынцыпы жыцця святога Францішка. Ксёндз Віталій адзначыў, што правілы, якіх прытрымліваўся гэты святы, заклікаюць развіваць адносіны з Богам і людзьмі, клапаціцца аб іншых і любіць іх, пазбаўляцца ўсяго, што можа абцяжарваць чалавека духоўна альбо фізічна.

iue dzynki 10

Па словах святара, менавіта просты, ціхі і сціплы лад жыцця Францішка Асізскага надаў маленькаму італьянскаму гораду, у якім ён нарадзіўся, вядомасць ва ўсім свеце, якая не знікае і сёння. Было адзначана таксама, што дзякуючы “сціпламу і простаму ладу жыцця” айцоў бернардынаў, аднаго з адгалінаванняў Ордэну францішканаў, “вялікі духоўны і матэрыяльны скарб” быў пакінуты і ў Іўі, якое да сярэдзіны ХІХ стагоддзя было месцам прабывання гэтых манахаў. За больш чым двухсотгадовую гісторыю прысутнасці бернардынаў у мястэчку з’явіліся Брацтва святой Ганны і Паска святога Антонія, праводзіліся рэкалекцыі для святароў; у бернардынаў былі бібліятэка, якая налічвала амаль паўтысячы кніг, духоўная школа, так званая школа рыторыкі.

Адметнай рысай іўеўскага касцёла, дзе тады служылі бернардыны, былі звязаныя з ім адпустовыя ўрачыстасці, дазвол на правядзенне якіх быў дадзены Папамі Бэнэдыктам XIV (11 лістапада 1745 г.), Піем VI (15 сакавіка 1785 г.), Кліментам XIV (24 студзеня 1774 г.) на святы святога Антонія, Маці Божай Анёльскай, святога Францішка, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і святых апосталаў Пятра і Паўла. Амаль усе з гэтых адпустовых урачыстасцяў парафія адзначае па сённяшні дзень.

Дзякуючы бернардынам быў пакладзены пачатак культу Маці Божай Дудскай. Абраз Багародзіцы ў парафіі ў Дудах (Іўеўскі дэканат), славуты многімі ласкамі, з’яўляецца спісам абраза Маці Божай Сакальскай, якім бернардыны апякуюцца па сённяшні дзень.

Такім чынам, – было адзначана ў гаміліі, – хоць іўеўскі бернардынскі кляштар нічым не вызначыўся ў гісторыі францішканскага ордэну, аднак мясцовыя манахі былі духоўнымі айцамі, якія самааддана служылі Богу і да канца засталіся вернымі наказу святога Францішка: “Разам з людзьмі ісці да збаўлення”.

Парафіяльнае свята завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі