Skip to main content

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб павазе да бацькоў, іх пакліканні і заданнях

2025 09 30 Swieta Rodzina

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы!

Умілаваныя ў Хрысце сёстры і браты!

Сям’я з’яўляецца той супольнасцю, якую Касцёл атачае асаблівай апекай. З гэтай нагоды Каталіцкі Касцёл у Беларусі аб’явіў месяц кастрычнік 2025 года часам асаблівых разважанняў і малітваў у інтэнцыі бацькоў. Гэты месяц пройдзе пад дэвізам «Малітва за бацькоў на ружанцы». Касцёл звяртае ўвагу на важнасць сям’і, гэта значыць бацькоў і дзяцей, у сучасным грамадстве. Сённяшняя нядзеля называецца «нядзеляй бацькоўскай любові». Запрашаем усіх Вас, бацькі і дзеці, сумесна крочыць шляхам, на якім мы знойдзем каштоўныя думкі пра пакліканне і заданне бацькоў, не забываючыся пра не менш важнае заданне — павагу дзяцей да сваіх бацькоў.

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем: «Бацькі маюць першачарговае і неад’емнае права, а таксама абавязак выхавання» (KKK 2221) сваіх дзяцей, паколькі «плоднасць сужэнскага кахання не абмяжоўваецца толькі перадачай жыцця дзецям, але павінна ўключаць іх выхаванне і духоўную фармацыю» (KKK 2221). У гэтым заданні бацькі не адны. Яны выхоўваюць сваіх дзяцей разам з Богам. Мы павінны памятаць, што хоць дзеці і нашы, але не з’яўляюцца нашай уласнасцю, а гэта значыць, што мы не можам іх выхоўваць так, як нам падабаецца. Паколькі яны дзеці Божыя, Стварыцель чакае ад нас, што мы перададзім ім усё тое, што найлепшае ў Яго разуменні. А Бог, са свайго боку давяраючы нам дзяцей, дае нам магчымасць любіць і выхоўваць. Гэтае заданне вынікае з паклікання сужэнцаў, якія ўдзельнічаюць у творчай справе Бога (пар. FC 36). Таму ад бацькоў чакаецца, што яны свядома прывядуць дзяцей да Бога, які прысутнічае ў супольнасці вернікаў. Ніхто не можа вызваліць іх ад гэтага абавязку.

Як вучыць нас Касцёл, адказнасць бацькоў выражаецца

«найперш у стварэнні сямейнага ачага, у якім пануюць чуласць, прабачэнне, павага, вернасць і бескарыслівае служэнне. Бацькоўскі дом — гэта месца фарміравання цнотаў. Гэтае выхаванне патрабуе навучыцца вырачэнню, цвярозаму розуму, панаванню над сабой, што з’яўляецца асновай усялякай сапраўднай свабоды» (KKK 2223).

Такім чынам, мы бачым, што, каб добра выхоўваць, трэба быць добра падрыхтаваным да гэтага задання. Сужэнцы павінны падрыхтаваць добрую глебу, на якой затым «вырастуць» іх дзеці. Вельмі часта гэта каштоўнасці, якія яны павінны перанесці са сваіх сямейных ачагоў. Аднак здараецца, што яны не спазналі ў сваіх сем’ях ні чуласці, ні прабачэння, ні павагі з боку іх бацькоў. Тым большае заданне ўскладаецца на бацькоў, якія толькі пачынаюць выхаваўчы працэс сваіх дзяцей.

Якім чынам выхоўваць дзяцей, каб гэта адпавядала задуме Стварыцеля?

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла падказвае нам, што бацькі «выхоўваюць сваіх дзяцей для выканання Божага закону, паказваючы саміх сябе як паслухмяных волі Нябеснага Айца» (KKK 2222). Гэта значыць, што найлепшым спосабам выхавання ёсць бацькоўскі прыклад.

«На бацькоў ускладзена вялікая адказнасць даць добры прыклад сваім дзецям» (KKK 2223).

Калі бацькі здольныя паказаць сваім дзецям на ўласным прыкладзе, што любоў да Бога і бліжняга — гэта найважнейшая запаведзь, то ім напэўна не давядзецца турбавацца ні пра ўласную будучыню, ні пра будучыню сваіх дзяцей.

Безумоўна, бацькі становяцца першымі вестунамі веры для сваіх дзяцей. У сямейным коле яны навучаюць дзяцей малітве і з маленства ўводзяць іх у жыццё супольнасці Касцёла. Сям’я, якая складаецца з некалькіх членаў, звычайна ёсць супольнасцю, дзе дорыцца любоў. Тут дзецям перадаюцца вера і асноўныя правілы хрысціянскіх паводзінаў. Гэта адбываецца з павагай да кожнага і з вялікім даверам. Такія бацькі ствараюць з дзецьмі адзіную супольнасць, дзе ёсць месца для Бога. Тут дзеці адчуваюць сябе добра, бо спакойна могуць выконваць свае заданні, што вынікаюць з атрыманай веры. Дом, дзякуючы бацькам, становіцца для дзяцей першай і асноўнай школай адносін з Богам. Бацька і маці з’яўляюцца ў ёй настаўнікамі веры і хрысціянскай маральнасці.

Многія бацькі шукаюць адказ на пытанне: «Як выхоўваць, каб вера дзіцяці была настолькі моцная, каб не пахіснулася ў далейшым жыцці?» Адказ ёсць просты і адзіны: «З любоўю!» Толькі бацькоўская любоў, звязаная са сведчаннем жыцця, забяспечыць правільнае стаўленне да таго, што святое. Прыклад бацькоў умацоўвае дзіцячую веру, а ў час сталення стабілізуе і беражэ яе ад знішчэння грахом.

Бацькі-хрысціяне, выконваючы заданне выхавання сваіх дзяцей, перадаюць не толькі веру, але таксама і правілы паўсядзённай маральнасці. Там, дзе вера ў Бога з’яўляецца найбольшай каштоўнасцю, няма вялікіх цяжкасцей з захаваннем прынцыпаў правільнага жыцця. Веруючыя бацькі вучаць гэтаму дзяцей з ранніх гадоў іх жыцця. Святы Ян Павел ІІ на гэтую тэму казаў так:

«Аб’яўленне дзецям стылю правільнага жыцця павінна абапірацца на запаведзі любові» (FC 63).

Гэтая любоў знаходзіцца ў сэрцы бацькоў. Яна вучыць, як належыць жыць. Жыццё, згоднае з Дэкалогам і Евангеллем, адпавядае хрысціянскім маральным нормам. Пераконванне ў гэтых правілах паводзінаў — абавязак бацькоў. З маральным выхаваннем звязаны бацькоўскі абавязак фарміравання ў патомкаў дару адрознення дабра ад зла. Гэта мае шчыльную сувязь з добра сфарміраваным сумленнем. Гэта важна ў жыцці дзяцей і моладзі, бо ад гэтага залежыць іх стаўленне да бацькоў і настаўнікаў, а таксама старэйшых і хворых людзей. З ранніх гадоў жыцця дзеці павінны вучыцца ад бацькоў хрысціянскаму стылю паводзінаў у розных жыццёвых абставінах. Дзякуючы такому працэсу выхавання магчыма, каб «любоў ахоплівала ўсю супольнасць сям’і, была прасякнутая пачуццём справядлівасці і павагі да іншых, усведамляла сваю адказнасць перад усім грамадствам» (FC 64).

І тут мы закранаем яшчэ адзін важны аспект выхавання нашых дзяцей — адказнасць за грамадства, у якім нам належыць жыць. Мы сутыкаемся з праблемай выхавання дзяцей, якія ўжо пачынаюць разумець, што ёсць дабром, а што — злом.

Прыклад бацькоў, іх далучэнне да спраў грамадства, у якім яны жывуць, працуюць і адпачываюць, дапамагаюць падрастаючаму пакаленню зразумець важнасць ускладання адказнасці не толькі за самых блізкіх, але таксама за грамадства: ці касцёльнае, ці свецкае.

Бацькі, якія прысвяцілі сваё жыццё выхаванню дзяцей, слушна чакаюць ад іх павагі. Чацвёртая з дзесяці Божых запаведзяў гучыць так: «Шануй бацьку свайго і маці сваю». Гэта значыць, што дзеці маюць абавязак паважаць, любіць і быць паслухмянымі бацькам. Гэта не толькі іх маральны абавязак, які вынікае з Божых запаведзяў, але таксама і праяўленне сталасці і ўдзячнасці за жыццё. Як праявіць павагу да сваіх бацькоў? Пакуль дзеці малыя, яны знаходзяцца пад апекаю бацькоў, з гэтай запаведдзю няма вялікіх праблем. Дзеці стараюцца слухацца бацькоў, дапамагаць ім, выконваць свае хатнія абавязкі. Яны звязаныя з бацькамі пачуццём любові. Гэта можа змяніцца, калі малады чалавек перажывае час сталення. Тады ў яго адбываецца ўнутраны бунт і ўзнікае перакананне, што ён мудрэйшы за ўсіх. Таксама цяжка зразумець чацвёртую запаведзь тым маладым і ўжо дарослым людзям, якія ў сваім дзяцінстве не спазналі бацькоўскай любові. У такіх сітуацыях нашае сумленне (і Бог праз яго) заклікае нас да пэўнага ахвяравання сябе. Варта таксама звярнуць увагу, што чацвёртая запаведзь гаворыць пра шанаванне ці павагу да бацькоў, што вынікае з удзячнасці за дар жыцця — супольнай справы бацькоў і Бога. У гэтай павазе, безумоўна, праяўляюцца нашае стаўленне да бацькоў, адносіны да іх і ўспрыманне іх, зварот да іх і размовы пра іх, але таксама слуханне іх (выслухоўванне неабавязкова азначае згоду з усім, што яны скажуць) — цэлы шэраг жэстаў і паводзінаў у дачыненні да бацькоў, рашэнні, якія прымаюцца ў сувязі з імі і з-за іх. Прасцей кажучы, гаворка ідзе пра цэлае нашае стаўленне да бацькоў.

Няхай гэтая нядзеля, названая «нядзеляй бацькоўскай любові», паспрыяе таму, каб дзеці — і малыя, і дарослыя — наведалі сваіх бацькоў, сказалі ім добрыя і цёплыя словы, прытуліліся да іх, а тыя, чые бацькі жывуць далёка, няхай патэлефануюць да іх, каб чарговы раз сказаць маці і бацьку: «Я цябе люблю». А калі настане вечар, варта ўзяць у рукі ружанец і ахвяраваць нашую малітву за нашых бацькоў.

Усіх Вас ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Біскуп Антонi Дзям’янка

Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ

Мінск, 24.09.2025 г.

P. S. Гэты ліст належыць прачытаць у нядзелю 19 кастрычніка 2025 г. падчас усіх святых Імшаў з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі

Паводле Catholic.by