У касцёле навагрудскай парафіі Арханёла Міхала прайшлі рэкалекцыі для святароў, якія правёў а. Хасэ Вегас з Кангрэгацыі місіянераў кларэтынаў.
Айцец Хасэ нарадзіўся ў Іспаніі, да кангрэгацыі кларэтынаў належыць 52 гады. Апошнія 29 гадоў служыць у Расіі. Доктар філасофіі, настаўнік маральнай тэалогіі і філасофіі, шмат гадоў працаваў у семінарыі і быў яе прэфектам, аўтар шматлікіх навуковых прац па тэалогіі, філасофіі, хрысціянскай этыцы. Мае вялікі вопыт служэння ў розных парафіях у Санкт-Пецярбургу, у якім працуе 27 гадоў, а таксама ў парафіі ў Мурманску.
Асновай тэм рэкалекцый, якія правёў айцец Хасэ, былі вершы 13-35 24-га раздзела Евангелля паводле Лукі. Разважаючы пра сустрэчу ўваскрослага Езуса Хрыста з вучнямі на шляху з Ерузалема ў Эмаус, якая апісваецца там, святар адзначыў, што ў гэтай падзеі паказана жыццё сённяшніх людзей і тое, што, нягледзячы на ўваскрасенне Збаўцы, які стварае новую гісторыю чалавецтва, нават Яго блізкія вучні могуць быць у смутку і расчараванні. Прычынамі святар назваў памылковае ўяўленне пра Бога, няведанне і неразуменне Яго Слова (таму, дадаў рэкалекцыяніст, Хрыстус паўторна тлумачыць Божае слова праз прарокаў і Касцёл), памылковыя чаканні, якія не спраўдзіліся і не апраўдалі жадання вучняў Езуса – “бо чалавек створаны, каб увасабляць Божую волю, а не Бог – каб выконваць волю чалавека”.
Рэкалекцыяніст звярнуў увагу на тое, што было важным у абнаўленні вучняў у Святым Пісанні і што важнае наогул у падрыхтоўцы да місіянерскай дзейнасці. Такім чынам, па словах святара, важна гаварыць з Богам і слухаць Яго (святар назваў гэта актыўнай малітвай), а таксама гаварыць і слухаць у супольнасці Касцёла, ахвотна і з верай прыступаць да сакрамэнтаў, перш за ўсё да пакаяння і Эўхарыстыі. Менавіта так, на думку айца Хасэ, можна ўсталяваць жывыя адносіны з Богам, спазнаць Яго і прыняць даручанае Ім служэнне.
Адной са складанасцяў служэння Богу святар назваў прыняцце крыжа – пакут, цяжкасцяў, перашкод, ганенняў, пераследу за веру. Рэкалекцыяніст дадаў, што, тым не менш, Хрыстус сваёй любоўю і дзеяннем Святога Духа натхняе працягваць шлях разам з Ім.
Святары, якія ўзялі удзел у рэкалекцыях, выказваюць удзячнасць айцу Хасэ.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі