Skip to main content

Смаргонская парафія Міхала Арханёла адсвяткавалa з удзелам біскупа Зноскі дзень свайго нябеснага заступніка

smarhon 5

29 верасня, у свята арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, парафія св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Па запрашэнні пробашча кс. Артура Ляшнеўскага SDB Імшу ў межах урачыстасці цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.

Як паведамляе shliah.by, у парафіяльным касцёле сабраліся разам з мясцовымі вернікамі шматлікія святары Смаргонскага дэканату, святары з суседніх Жупран, Маладзечна, Вілейкі і Мінска, значнасць падзеі для раёна падкрэсліла прысутнасць прадстаўнікоў мясцовай улады – начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Ганны Джумковай і старшыні Залескага сельвыканкама Зянона Грышкевіча. 

smarhon 16

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі звярнулася да біскупа і астатніх прысутных з прывітальнымі словамі і віншаваннямі ад імя райвыканкама і Савета дэпутатаў. Яна адзначыла “неўлічоны ўклад святароў у жыццё вернікаў”, асабліва вылучыўшы іх ролю ў “такой важнай справе, як духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі”, падкрэсліла “пазітыўныя пераўтварэнні”, якія адбыліся ў смаргонскім касцёле за апошнія гады “дзякуючы нястомнай працы святароў і самаадданай дапамозе парафіян”.

Сімвалічным жэстам павагі стала тое, што Ганна Джумкова падарыла біскупу карціну, створаную Уладзімірам Церабуном – смаргонскім мастаком і скульптарам, ганаровым грамадзянінам горада.

Парафіяне таксама ўручылі іерарху падарункі ў знак падзякі за служэнне.