Skip to main content

Зварот біскупа Гродзенскага да духавенства і вернікаў дыяцэзіі на пачатак Ружанцовага месяца

IMG 9587горизонт

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У кастрычніку Касцёл асабліва заклікае нас маліцца Ружанец. Гэтая малітва, якая ўжо стагоддзямі жыве ў сэрцах вернікаў, не страчвае сваёй сілы. Яна застаецца простай і адначасова магутнай, бо праз Панну Марыю вядзе нас да крыніцы жыцця і любові – да Езуса Хрыста.

Ружанец – малітва сэрца, дыханне веры і надзеі. У ім мы вучымся глядзець на сваё жыццё вачыма Евангелля. Паўтараючы “Вітай, Марыя”, мы аддаём свае надзеі і страхі, радасці і пакуты ў рукі Маці Божай, якая пастаянна вядзе нас да свайго Сына.

У цяжкія часы, калі свет ахоплены неспакоем, падзеламі і болем, Ружанец становіцца духоўнай зброяй, якая абараняе нашыя сэрцы і дорыць мір.

Асаблівым знакам Божага Провіду з’яўляецца тое, што Ружанцовы месяц заўсёды распачынаецца ў дзень успаміну святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, апякункі місіянерства і вялікай настаўніцы даверу. Святая Тэрэза навучыла Касцёл “малой дарозе” – даверу Богу ў малых рэчах, з пакорай і простай малітвай. Яна паказвае, што Ружанец можа стаць шляхам святасці для кожнага з нас – дзяцей, моладзі, бацькоў, пажылых людзей, святароў і кансэкраваных асобаў.

Таму заклікаю ўсіх вас – святароў, манахаў, манахінь, сем’і і ўсіх астатніх вернікаў нашай дыяцэзіі, – каб у гэтым кастрычніку Ружанец заняў асаблівае месца ў вашым жыцці.

Маліцеся разам у парафіях, у сямейным коле, у супольнасцях, а таксама асабіста, у ціхім даверы сэрца. Ахвяруйце гэтую малітву асаблівым чынам за мір у свеце, за адзінства ў сем’ях, за новыя святарскія і манаскія пакліканні, за ўсіх, хто пакутуе і шукае надзеі.

Няхай гэты кастрычнік стане месяцам нашай духоўнай сілы. Няхай разам з Марыяй мы зноў адкрыем, што Хрыстус жывы і дзейнічае ў нашым жыцці.

Даручаю ўсіх вас Маці Божай Ружанцовай і з усяго сэрца благаслаўляю.

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 1 кастрычніка 2025 г.