Skip to main content

Парафію Арханёла Міхала ў Няцечы наведаў у яе адпустовую ўрачыстасць арцыбіскуп Кандрусевіч

nececz 5

У нядзелю 28 верасня ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Няцечы (Лідскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць, паколькі на наступны дзень Касцёл адзначае свята арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала.

Імшу ў межах урачыстасці ўзначаліў па запрашэнні кс. Андрэя Бурака арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што Арханёл Міхал – Князь нябесных войскаў, верны слуга Бога, пераможца злога духа, што арханёлы Міхал, Габрыэль і Рафал – абаронцы і правадыры людзей, ваяры ў барацьбе з сіламі зла, якія ўзначальвае Люцыфер, і што злы дух у рэўнасці да Бога імкнецца знішчыць чалавека – вяршыню Божага стварэння. Іерарх нагадаў таксама, што ў пачатку гісторыі стварэння Люцыфер быў магутным і самым прыгожым з усіх анёлаў, і гэта прывяло яго да ганарыстасці, якая стала прычынай яго гібелі. Арцыбіскуп адзначыў, што ў сваёй ганарыстасці Люцыфер паўстаў супраць Бога, думаючы, што мацнейшы за свайго Створцу, – “стварэнне не змагло зразумець, што, нягледзячы на ўсю сваю сілу, моц, прыгажосць і дасканаласць, застаецца стварэннем, а не Створцам”; Люцыфер “хваліўся, што ў велічы, славе і сіле ўзнясе свой трон вышэй за Божы і такім чынам будзе кіраваць усімі стварэннямі, аднак замест гэтага быў асаромлены”.

nececz 6

Арцыбіскуп дадаў, што войска верных анёлаў, якія перамаглі Люцыфера, узначальваў Арханёл Міхал, пастаўлены кіраўніком усіх анёльскіх войскаў, і што Міхал быў так узвышаны “не таму, што быў вялікім і магутным, а таму, што цалкам падпарадкоўваўся волі Бога, быў Яго паслухмяным слугой”.

“Святкуючы ўрачыстасць Арханёла Міхала ў гэтым гістарычным касцёле пад яго тытулам і ўспамінаючы яго сабратоў-арханёлаў, мы павінны ўсвядоміць сваю слабасць, схільнасць да граху, абавязак прытрымлівацца іх прыкладу, каб імкнуцца да больш цесных адносін з Богам”, – падкрэсліў арцыбіскуп.

“Зло ніколі не супакойваецца, – сказаў ён. – Злы дух спакусіў нашых першых бацькоў Адама і Еву. Паколькі мы іх нашчадкі, мы таксама зведваем уплыў злога духа.

Але Бог праз свайго Сына Езуса Хрыста нас выратаваў. Мы толькі павінны карыстацца плёнамі нашага збаўлення. Гэта падобна да таго, калі мы купляем у аптэцы лекі, але не прымаем іх: мы атрымалі ад Бога лекі вечнага жыцця – Божую ласку, але рэдка гэтымі лекамі карыстаемся!

Анёлы пастаянна стаяць на варце і бароняць нас ад нападак злога духа. Але мы таксама павінны ўдзельнічаць у гэтай барацьбе. Нездарма святы Аўгустын кажа, што мы павінны маліцца так, як быццам бы ўсё залежала ад Бога, і працаваць так, быццам бы ўсё залежала ад нас. Гэту праўду прыгожа выказвае прыказка, што сцеражонага Бог сцеражэ.

Таму, адзначаючы свята нашага апекуна Арханёла Міхала, мы павінны задумацца аб сваім жыцці, аб тым, наколькі яно згоднае з Божай воляй”.

nececz 3

Арцыбіскуп дадаў, што “ў сучасным свеце цнота паслухмянасці непапулярная, многія кажуць, што яна абмяжоўвае свабоду чалавека; але гэта не так, і свету патрэбна паслухмянасць, бо інакш у ім будзе панаваць хаос”. “Папа Леў XIV кажа, што паслухмянасць – школа свабоды ў любові, – заўважыў іерарх. – Паслухмянасць Божай волі па прыкладу Арханёла Міхала – адзіны шлях быць сапраўднымі наступнікамі Хрыста і такім чынам атрымаць праз Яго выратаванне”.

Па словах арцыбіскупа, для гэтага трэба “адкінуць сваю ганарыстасць і выконваць волю Бога – а яна ў тым, каб мы маглі любіць Яго ўсім сэрцам, усёй душой, усім розумам і сілай, а потым праяўляць такую ж любоў да братоў і сясцёр”.

Іерарх завяршыў гамілію малітвай: “Усемагутны Божа, вядзі нас па нашых жыццёвых шляхах так, каб мы маглі знайсці дарогу да Цябе, зноў праз нашае шчырае жаданне з’яднацца з Табой і шукаць Тваёй міласэрнасці і любові, каб з дапамогай Арханёла Міхала дасягнуць збаўлення і вечнага жыцця”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: catholicminsk.by