Skip to main content

У Каменцы адбылося пахаванне кс. Юрыя Свіслоцкага

 

pogrzeb swislocki 13

30 верасня ў Каменцы адбылося пахаванне кс. каноніка Юрыя Свіслоцкага, рэзідэнта сапоцкінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча. Святар адышоў у вечнасць 28 верасня ў Доме міласэрнасці ў Каменцы ва ўзросце 54 гадоў пасля цяжкай хваробы.

Таксама ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) знаходзіцца родная парафія спачылага.

У пахавальнай Імшы, якую цэлебраваў у парафіяльным касцёле біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, удзельнічала больш за 70 святароў, у тым ліку біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, законныя сёстры, семінарысты, родныя і знаёмыя спачылага, вернікі парафій, дзе ён служыў. На літургіі маліліся аб тым, каб Бог прыняў свайго слугу ў Нябеснае Валадарства.

Біскуп Гродзенскі ў звароце да прысутных назваў асабліва кранальным тое, што пахаванне адбываецца ў роднай парафіі ксяндза Юрыя: “Ён вяртаецца да сваіх вытокаў, каб спачываць сярод людзей, з якіх выйшаў і якія заўсёды былі ў яго сэрцы”. Іерарх сказаў, што “жыццё ксяндза Юрыя было багатым на справы веры”, ён “працаваў у розных парафіях, але асаблівае значэнне мела яго служэнне ў Першамайскім і Бердаўцы, дзе ён разам з вернікамі ўзвёў дзве святыні – не толькі матэрыяльныя знакі, але і сімвал таго, што ён будаваў Касцёл у сэрцах людзей, дапамагаючы ім адкрыць жывую прысутнасць Бога”.

“Апошнія гады яго жыцця былі адзначаны цяжкай хваробай, але і ў гэтых пакутах ён заставаўся святаром, верным свайму пакліканню. У Сапоцкіне ён працягваў душпастырскую працу, сведчачы, што святарства — гэта не прафесія, а жыццё, якое цалкам прысвячаецца Богу, – дадаў біскуп. – Дзякуй Табе, Божа, за дар яго жыцця і святарства, за яго працу, яго сведчанне, яго пастырскае сэрца”.

pogrzeb swislocki 15

Біскуп Юрый Касабуцкі, аднакурснік спачылага, у гаміліі ўзгадаў яго жыццёвы шлях, падкрэсліў, што ён быў чалавекам вельмі лагодным і добрым, адкрытым на патрэбы іншых. Іерарх заўважыў, што жыццё спачылага было нялёгкім, апошнія гады ён пакутаваў з-за хваробы, але, нягледзячы на гэта, не падаў духам.

У канцы літургіі прысутным ад імя аднакурснікаў спачылага падзякаваў за прыбыццё і малітву кс. канонік Юзаф Багдзевіч, біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства Смаргонскага рэгіёну.

Біскуп Уладзімір Гуляй адзначыў: “Божае слова кажа, што ніхто сам для сябе не жыве і сам для сябе не памірае. Мы ўсе жывём і паміраем заўсёды для кагосьці. Ксёндз Юрый як святар жыў для нас і памёр таксама не сам для сябе, а для нас”. Іерарх выказаў спачуванні родным і знаёмым памерлага, падзякаваў святарам, якія прыйшлі праводзіць свайго сабрата ў апошні шлях, і ўсім астатнім прысутным.

Спачылага пахавалі на парафіяльных могілках побач з яго роднымі.

Ксёндз канонік Юрый Свіслоцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 г., паходзіў з парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат).
Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 7 снежня 1996 г. у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

Быў вікарыем парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы, пробашчам парафій Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы і св. Казіміра ў Першамайскім (Лідскі дэканат) – у абедзвюх гэтых парафіях у час яго служэння былі пабудаваны касцёлы.

Пасля быў пробашчам парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат), з 2015 г. – рэзідэнтам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі