29 верасня ў біскупскай курыі ў Гродне прайшла сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай урачыста распачаўся новы катэхетычны год.
Сустрэча давала ўдзельнікам магчымасць набрацца духоўных сіл, каб весці вучняў да Бога, магчымасць абмяняцца вопытам і метадамі працы.
Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прывітаў прысутных – святароў, законных сясцёр і свецкіх асобаў, адзначыў важнасць такіх сустрэч і папрасіў катэхетаў у новым навучальным годзе старацца “зрабіць Касцёл яшчэ прыгажэйшым”. Нагадваючы пра дэвіз “Пілігрымы надзеі”, пад якім у Касцёле праходзіць Юбілейны 2025 год, іерарх заахвоціў катэхетаў “заўсёды ісці шляхам пілігрыма”, дадаўшы, што толькі тады іх служэнне будзе дынамічным. Кажучы ўвогуле аб тым, што з’яўляецца важным у служэнні катэхетаў у парафіях, біскуп адзначыў, што ў сваёй працы ад іх не патрабуецца “рабіць шоў” – патрэбна “праўда і дабро”.
Пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве кс. Андрэй Лішко выступіў з канферэнцыяй на тэму катэхізацыі дзяцей з аўтызмам. Ён адзначыў, што такая катэхізацыя патрабуе індывідуальнага падыходу, выкарыстання простых і зразумелых паведамленняў, выкарыстання ілюстрацый у выкладанні; у працы з такімі дзецьмі важная спакойная атмасфера, мяккі тон голасу, кароткія інструкцыі, адхіленне ўвагі ад стрэсавых сітуацый праз дзейнасць.
Цэнтральным пунктам сустрэчы стала Імша ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Літургію цэлебраваў біскуп Гродзенскі ў інтэнцыі ўсіх, хто ў дыяцэзіі займаецца катэхізацыяй, a таксама ў інтэнцыі дзяцей, моладзі і дарослых, якія сёлета будуць удзельнічаць у катэхізацыі.
У гаміліі біскуп у чарговы раз звярнуў увагу на тое, што катэхет — “не прафесія, а пакліканне” і што катэхізацыя “існуе не дзеля перадачы набору інфармацыі, а каб адкрываць неба”. “Наша задача — прывесці чалавека да сустрэчы з Жывым Хрыстом, да асабістых адносінаў з Ім, – патлумачыў іерарх. – Мы вядзём не ў ідэалогію, а да Асобы; не ў “клуб добрых людзей”, а ў Цела Хрыста — Касцёл. Таму ў цэнтры кожнага занятку павінна быць Евангелле, сведчанне і запрашэнне да малітвы”.
Біскуп назваў арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, свята якіх адзначалася ў гэты дзень, своеасаблівымі вобразамі катэхезы. Па яго словах, Арханёл Міхал – абаронца праўды і культу, паказвае, што зло існуе і што яго трэба не баяцца, а распазнаваць і перамагаць, – адпаведна і катэхет з’яўляецца “вартавым”, які стаіць побач з вучнямі, калі іх сэрцы атакуюць абыякавасць, цынізм, залежнасці, фальшывая свабода. Арханёл Габрыэль – “веснік Добрай Навіны”, ён навучыў Панну Марыю слухаць, – таксама і катэхізацыю “трэба пачынаць з керыгмы — радаснага абвяшчэння, што Бог любіць, Хрыстус памёр і ўваскрос за нас і жыве, Дух Святы дзейнічае, Касцёл — дом”. Арханёл Рафал “лечыць раны, вядзе, абараняе ў дарозе”; гэтак жа “сёння, калі шмат дзяцей і падлеткаў параненыя, катэхет, хоць і не з’яўляецца псіхолагам, можа слухаць, суправаджаць, заўважаць і накіроўваць”.
На думку біскупа, катэхетам трэба памятаць, што яны “не самі вучаць дзяцей, а працуюць разам з анёлам-ахоўнікам кожнага дзіцяці”. “Калі вы заходзіце ў клас, уявіце: у кожнага дзіцяці ёсць анёл, які стаіць побач. Гэта цэлая “нябесная школа”! Як гэта натхняе — разумець, што катэхет працуе не адзін, а разам з нябеснымі сябрамі! – сказаў іерарх. – Але ў пэўным сэнсе і катэхеты пакліканы быць “анёламі” — пасланцамі Бога, сведкамі, што неба адкрытае”. Біскуп патлумачыў, што “быць анёлам для дзіцяці — значыць заўважыць яго боль і не прайсці абыякава; быць анёлам для маладых людзей — значыць паказаць, што Бог не супраць іх свабоды, але з’яўляецца яе крыніцай; быць анёлам для бацькоў — значыць падтрымаць, падказаць, падзяліцца”.
“Катэхет як маяк: ноччу на моры караблі губляюць шлях, але святло маяка вядзе іх у порт, – адзначыў іерарх. – Катэхет як хлеб: ён не робіць шоў, не дае “цукерак” для настрою, але дае штодзённы хлеб — простую, але неабходную праўду. Катэхет як мастак: ён малюе ў душы дзіцяці вобраз Хрыста – гэты вобраз, магчыма, будзе недасканалы, але застанецца на ўсё жыццё”.
Біскуп дадаў, што “калі катэхет застанецца адзін, без падтрымкі — ён згасне”, катэхізацыя — “справа ўсяго Касцёла”, у сувязі з чым назваў гэтую сустрэчу катэхетаў “аднаўленнем адзінства” паміж імі.
Іерарх падзякаваў катэхетам за суправаджэнне вучняў ва ўзрастанні ў веры і за ўласны прыклад. Словы ўдзячнасці ён выказаў таксама Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з дырэктарам а. Андрэем Шчупалам CSsR за клопат аб належным узроўні катэхізацыі ў дыяцэзіі.
Біскуп пажадаў, каб новы катэхетычны год быў багатым на Божую ласку, а штодзённае служэнне прыносіла катэхетам радасць і задавальненне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі