У нядзелю 31 жніўня ў гродзенскай парафіі Святога Духа цэлебраваў Імшу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Па традыцыі на гэтай літургіі, якая адбылася напярэдадні новага навучальнага года, было ўдзелена благаслаўленне дзецям і здзейснены абрад благаслаўлення школьных прыладаў – важны духоўны знак пачатку новага этапу для вучняў, настаўнікаў і бацькоў.
У гаміліі арцыбіскуп звярнуўся з цёплымі словамі да дзяцей, моладзі і дарослых, нагадаўшы, што атрыманне ведаў – не толькі шлях асабістага развіцця, але і ўнёсак у будучыню грамадства. Ён падкрэсліў, што адукацыя фармуе сталую асобу, здольную адказна служыць бліжнім і Айчыне.
У гаміліі было месца для жартаў і жыццёвых прыкладаў, якія паказвалі, як веды дапамагаюць у розных сітуацыях. Гэтыя словы іерарха выклікалі ўсмешкі вернікаў і былі натхненнем да таго, каб распачаць навучальны і душпастырскі год з новым запалам і сіламі.
Дыякан Марцін Лудзіч, які служыць у парафіі Святога Духа, паведаміў, што прысутнасць арцыбіскупа ў гэты дзень была “асаблівым дарам для ўсёй парафіяльнай супольнасці” і што на літургіі панавала “атмасфера радасці, малітвы і адзінства”.
“Душпастырскае жыццё парафіі Святога Духа вельмі жывое, – адзначае дыякан, кажучы ўвогуле пра гэтую парафію. – Гэта актыўная супольнасць, якая расце як духоўная сям’я, дзе кожны можа знайсці сваё служэнне і шлях духоўнага росту, дзе вера ажывае ў малітве, служэнні і радасці”.
Дыякан нагадвае, што ў парафіі рэгулярна праходзяць: катэхізацыя дзяцей і моладзі, а таксама катэхезы для дарослых, якія жадаюць глыбейшага знаёмства з Богам і ўмацавання ў веры; сустрэчы супольнасці “Мужчыны святога Юзафа”, якая аб’ядноўвае мужчын у малітве, падтрымцы і служэнні; сустрэчы для настаўнікаў з мэтай паглыблення іх веры, каб у сваю чаргу праз іх вера перадавалася дзецям розных сацыяльных груп і ўзростаў; рэлігійны курс “Альфа”, які дае кожнаму магчымасць задаць пытанні пра веру і знайсці адказы ў атмасферы дыялогу. Таксама ў парафіі дзейнічаюць дзіцячы, моладзевы і дарослыя хоры, якія спяваюць на святой Імшы, і існуе развітае служэнне міністрантаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі