Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч ва ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай у гродзенскай катэдры: “Панна Марыя перадала Божую волю людзям свайго часу і перадае нам”

k k 3

5 жніўня, у адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу апоўдні ў гродзенскай катэдры. Цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай захоўваецца ў гэтым касцёле.

У гаміліі арцыбіскуп, зыходзячы з прыкладу Панны Марыі, засяродзіў увагу на значэнні хрысціянскай веры ў гісторыі нашага народа.
“Уступленне ў хрысціянскую цывілізацыю стала паваротным момантам у нашай гісторыі. Хрысціянства заклікае да міру і прабачэння, ставіць чалавечнасць вышэй за ўсё, разглядае ўладу як служэнне і вучыць, што ўсе роўныя перад маральным законам.

Немагчыма зразумець нашу гісторыю без Хрыста. У часы ганенняў людзі абаранялі касцёлы, маліліся патаемна, каб толькі захаваць веру. Калі надышоў час свабоды, схаваная пад зямлёй рака веры выйшла на паверхню. Гэта стала магчымым дзякуючы духоўнай сіле, якая перамагае ўсё зло і грэх”, – сказаў іерарх.

Арцыбіскуп адзначыў: “Хрысціянская цывілізацыя не закамянелая, ёй патрэбна развіццё. Яна мае патрэбу не толькі ў традыцыях і каранях гістарычнага дрэва нашай веры, але і ў новых, маладых, зялёных галінах, якія сведчаць, што гэтае дрэва не памерла, а жыве ў часы новых выклікаў.

Мы назіраем разбурэнне хрысціянскай цывілізацыі і спробы замяніць яе новымі, свецкімі канцэпцыямі. Духоўныя каштоўнасці дэфармуюцца. На фоне матэрыяльнага дабрабыту нарастае духоўны крызіс.

Прычына гэтых амаральных тэндэнцый у тым, што «схаваны вірус» нядаўняга атэістычнага мінулага актывуецца «вірусам» секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці, што вядзе да страты хрысціянскіх каштоўнасцей. У выніку расце скептыцызм адносна будучыні, і людзі губляюць надзею”.

“Адно з найважнейшых пытанняў нашага часу – адраджэнне веры сярод сучасных людзей, асабліва сярод моладзі. Мы павінны даць рашучы адказ на пытанне: «Ці не варта будаваць на трывалым духоўным падмурку Евангелля, каб не згубіцца ў свеце размытых каштоўнасцей?»

k k 5

Хрысціянства – гэта барацьба паміж праўдай і хлуснёй, дабром і злом. Каб выйграць гэтую барацьбу, недастаткова проста верыць у Бога. Неабходна быць сведкамі веры ў нашы часы, калі свет перажывае беспрэцэдэнтны парадокс. У свеце шмат прыгожых будынкаў, але мала сямейнага цяпла; шмат амбіцыйных праектаў, але мала часу, каб адчуць дасягнутае; шмат задавальненняў, але мала любові; шмат свабоды, але мала аўтаноміі. Расце колькасць тых, хто трапіў у пастку эгаізму, меланхоліі, разбуральнага гвалту, задавальненняў і ідалаў багацця, як кажа Папа Францішак.

Таму нельга ігнараваць цяперашні крызіс веры. Кожны з нас пакліканы рабіць свой уклад у будаўніцтва Валадарства Божага, прыўносячы ў яго хрысціянскія каштоўнасці, як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI. А Папа Леў XIV заклікае жыць верай максімальна канкрэтным чынам – насуперак канвенцыям, звычкам і выгодзе.

Паводле святога Яна Паўла ІІ, вернасць хрысціянскім караням павінна быць творчай, гатовай адплысці на глыбіню, адкрытай на новыя выклікі і чуйнай да знакаў часу”, – сказаў арцыбіскуп і дадаў, што “такая творчая вернасць не можа быць перададзена іншым без Божай дапамогі”.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што Панна Марыя “прыняла Божую волю, засталася вернай ёй, перадала яе людзям свайго часу і перадае нам”. “Божая Маці Кангрэгацкая, як Маці Міласэрнасці, заўсёды клапоціцца пра нас і ніколі не пакідае сам-насам з нашымі праблемамі, дае нам надзею, нават суперак надзеі”, – заўважыў іерарх.

Згодна са сваім звычаем арцыбіскуп завяршыў гамілію кароткай малітвай: “Марыя, у Кангрэгацкай іконе Ты стагоддзямі ахоўваеш жыхароў Гродна і вядзеш іх да свайго Сына. У гэты Юбілейны год надзеі праз Цябе мы давяраем сябе і наш народ Хрысту. Выпрасі ў Яго для нас ласку заўсёды заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, быць Яго сведкамі і абараняць духоўныя каштоўнасці. Не дазволь згубіцца ў гэтай барацьбе, бо ўсё ў свеце мінае; застаецца толькі Бог, на чыю міласэрнасць мы ўскладаем сваю надзею”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі