Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Кангрэгацкай у гродзенскай катэдры

kandrusewicz 4

4-5 жніўня ў гродзенскай катэдры адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай, цудадзейны абраз якой знаходзіцца там. Імшу, якой пачаліся ўрачыстасці, цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Сёлета адзначаецца 320-годдзе з часу прыбыцця гэтага абраза ў гродзенскую Фару – катэдру – і 20-годдзе з часу ўскладання на яго папскіх карон. На ўрачыстасці каранавання абраза ў 2005 г. прысутнічаў і прамовіў гамілію на беларускай мове арцыбіскуп Кандрусевіч, які тады служыў у Маскве. Цяпер, нагадваючы пра гэтыя даты, а таксама пра Юбілейны год, які праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, іерарх у гаміліі сказаў: “Як пілігрымы надзеі мы павінны браць прыклад з Марыі – Маці хрысціянскай надзеі, якая вядзе нас у новае заўтра”.

Арцыбіскуп засяродзіў увагу на фрагменце Евангелля аб укрыжаванні Езуса, назваўшы гэта найважнейшым момантам у гісторыі чалавецтва. “Езус, новы Адам, на дрэве крыжа выбавіў чалавецтва з палону граху. Тады Ён даў нам сваю Маці, каб Яна была нашай духоўнай Маці. Хрыстус навучыў нас малітве “Ойча наш”, у якой назваў Бога нашым Айцом, і даў нам сваю Маці, каб мы не былі сіротамі”, – сказаў іерарх.

Ён адзначыў: “Гісторыя Касцёла і свету моцна звязана з Марыяй, праз якую мы атрымліваем шчодрыя ласкі і дары. Аднак, нягледзячы на гэта, мы з’яўляемся сведкамі спаборніцтва ў стылі жыцця без Бога, этыкі і маральных прынцыпаў, што вядзе да самазнішчэння.

Сучасны свет знаходзіцца на скрыжаванні дарог паміж мінулым і будучыняй. Дзякуючы развіццю Інтэрнэт-тэхналогій мы апынуліся на “водападзеле” аналагавага і лічбавага светаў. Наша эра падобная да разбітага люстэрка, якое адначасова адбівае святло і цені – святло навуковага прагрэсу і цені жыцця без Бога.

Сучасны свет характарызуюць новыя магчымасці і адначасова барацьба дабра са злом. Сучасныя тэхналогіі часта выкарыстоўваюцца ў амаральных мэтах і дамінуюць над этыкай. У выніку свет перажывае крызіс веры, які праяўляецца ў тым, што ў крызісе знаходзяцца сям’я, перадача Божага дару жыцця, маральнасць, узаемная любоў, міласэрнасць, мір, справядлівасць і да т.п.

Дзе шукаць паратунку? У Езуса, да якога нас вядзе Марыя.

kandrusewicz 11

Касцёл на Беларусі багаты традыцыямі, даверам да Маці Божай і верай, якую трэба пастаянна паглыбляць і ажыўляць. Ён багаты людзьмі, якія вераць у Бога, моляцца, каюцца ў грахах і выпраўляюць зло, якога так шмат у нас саміх, у грамадстве і ва ўсім свеце.

Багаццем нашага Касцёла з’яўляецца народ, які не страціў веры ў часы ганенняў і які сёння, у часы секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці, змагаецца за чысціню веры.

Багаццем краіны з’яўляецца нацыя, і мы павінны клапаціцца пра яе дабрабыт, зыходзячы з маральных прынцыпаў. Таму першасная задача – выхаванне новага чалавека на прынцыпах Евангелля. Перспектыва маральнага адраджэння нацыі крыецца ў нас саміх. Для гэтага неабходна распачаць з навяртання саміх сябе, на што звяртае ўвагу Папа Леў XIV.

Не трэба рабіць выгляд, што ўсё добра і мы не заўважаем, як секулярызм выціскае веру з публічнай сферы жыцця. Антыдотам на гэты выклік з’яўляецца праўда Евангелля і сведчанне яе ў сучасным свеце.

Хопіць плёскацца на духоўнай мелі. Неабходна выплысці на глыбіню, каб быць cапраўднымі вучнямі Хрыста, як заклікае святы Ян Павел ІІ.

Абнаўленне і сіла Касцёла не вынікаюць з таго, на баку лібералізму ці кансерватызму стануць людзі, бо ні адно, ні другое не дапамагае і не ўмацоўвае веру. Трэба пазнаваць Хрыста, які ёсць дарога, праўда і жыццё. Ён наш адзіны Збаўца, і наша сіла ў адзінстве з Ім.

Стоячы пад крыжам Хрыста, услухаемся ў Яго словы: “Вось твая Маці”. Яна кажа нам: “Не бойцеся, я з вамі” – тут, у Беларусі, і ў прыватнасці ў гродзенскай катэдры, дзе чалавечнасць сустракаецца з боскасцю.

Мы павінны памятаць, што новыя пагрозы не могуць зацямніць нашу надзею, якая ў Хрысце, да якога нас вядзе Марыя – Маці надзеі. Яна прыносіць нам свайго Сына і Ягоную ласку, як прынесла ў дом святой Альжбеты”.

Арцыбіскуп завяршыў гамілію заклікам: “Кангрэгацкая Божая Маці, наша Валадарка! Мы Твае дзеці! З Табой прабываем, верым і чуваем! Распалі ў нас промень надзеі! Будзь збаўленнем гродзенскага і ўсяго беларускага люду і вядзі нас у новае шчаслівае заўтра!”

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі