2 жніўня ў вёсцы Клінчаны, якая адносіцца да адэльскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, благаславілі адноўлены крыж.
Абрад благаслаўлення адбыўся на святой Імшы, якую цэлебраваў пробашч адэльскай парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк. На літургіі сабраліся жыхары вёскі.
На Імшы маліліся за жывых і памерлых, прасілі аб Божым благаслаўленні для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, а таксама аб добрым надвор’і, каб удалося сабраць ураджай і каб ні ў каго не было недахопу ў штодзённым хлебе.
Вёска Клінчаны маленькая, жыхароў у ёй няшмат, але летам туды звычайна прыязджаюць іх родныя. У час Другой сусветнай вайны вёска цалкам згарэла. Мясцовыя вернікі памятаюць пра сваіх продкаў у малітвах. Памяць аб спачылых натхніла іх папрасіць свайго пробашча благаславіць крыж, які яны аднавілі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі