Skip to main content

Ва Уселюбе ў пяты раз прайшоў фестываль “Novafest”

nowafest 2

2 жніўня ў парафіі св. Казіміра ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат) прайшоў фестываль-рэкалекцыі “Novafest”. Мерапрыемства адбылося ў пяты раз, сёлета пад назвай “За ўсё дзякуйце” (1 Тэс 5, 18).

Фестываль традыцыйна распачаўся святой Імшой, цэлебраваў якую пробашч парафіі ва Уселюбе кс. Віталій Цыбульскі. Ганаровым госцем фестывалю стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, ён прамовіў на Імшы гамілію.

Традыцыйнымі момантамі праграмы фестывалю сталі малітва спевам каля алтара Маці Божай Новага Жыцця, канферэнцыі, якія ў гэтым годзе правялі кс. Віктар Мялешка і кс. Аркадзь Куляха, сведчанні вернікаў аб Божай прысутнасці ў іх жыцці, Крыжовы шлях, Ружанец, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. На працягу дня ў вернікаў была магчымасць прыступіць да споведзі і прыняць святую Камунію.

Для дзяцей падчас фестывалю была прадугледжана забаўляльная праграма. Таксама быў арганізаваны конкурс дзіцячых малюнкаў “Я дзякую Богу за…”.

Варта адзначыць, што фестываль стаў калыскай валанцёрскага руху ва Уселюбе, які аб’ядноўвае розных людзей з розных куткоў Беларусі і за яе межамі.

“Дзень няспыннай малітвы ва ўтульнай атмасферы ўселюбскай парафіі ў чарговы раз стаў для многіх прысутных месцам сапраўднай асабістай сустрэчы з жывым Богам, з Паннай Марыяй, з блізкімі па духу людзьмі”, – так паведамляюць пра гэтую падзею.

Арганізатары фестывалю і каманда валанцёраў дзякуюць усім яго ўдзельнікам “за тое, што адказалі на Божы заклік”. “Запрашаем на наступны год зноў сабрацца разам, каб аднавіцца да новага жыцця ў Езусе!” – дадаюць яны.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі