Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй ва ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай у гродзенскай катэдры: “Панна Марыя вядзе нас да надзеі”

kangregacja 2

5 жніўня, у адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў святую Імшу ў гродзенскай катэдры. У гэтым касцёле знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай.

Прысутнічала шмат вернікаў.

У пачатку літургіі, нагадваючы, што Панна Марыя з’яўляецца Апякункай Гродна, біскуп назваў гэты дзень “асаблівым для ўсёй гродзенскай духоўнай сям’і”. “Сёння мы аддаём хвалу і падзяку Той, якая праз стагоддзі з мацярынскай любоўю ахінае наш горад і наш край сваёй апекай”, – сказаў ён. Па словах іерарха, абраз Маці Божай Кангрэгацкай – “не толькі каштоўная святыня і сведчанне глыбокай веры нашых продкаў, але і жывы знак таго, што Марыя, Маці Хрыста і Маці Касцёла, няспынна прысутнічае сярод нас”.

У гаміліі біскуп заўважыў, што сёлета гэтая ўрачыстасць мае асаблівае значэнне, бо святкуецца ў Юбілейны год. Нагадваючы, што ў Касцёле гэты год праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, ён дадаў, што “кожны з нас — пілігрым, які крочыць дарогай веры, дарогай выпрабаванняў, але і дарогай Божай вернасці, – дарогай, якой побач з намі заўсёды ідзе Марыя, Маці надзеі, Маці Езуса і Маці кожнага з нас”.

Біскуп узгадаў пра тое, як нядаўна прысутнічаў на Юбілеі моладзі ў Рыме, і сказаў, што гэтая сустрэча моцна закранула яго сэрца, бо ён “убачыў Касцёл малады, жывы, поўны надзеі”. “У рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ, прысвечанай Маці Божай, знаходзіцца арыгінальны абраз Панны Марыі Salus Populi Romani (Збаўленне рымскага народа). Гэта ікона, перад якой маліліся святы Ян Павел ІІ, спачылы Папа Францішак і мільёны вернікаў. Калі я ўглядаўся ў спакойны, глыбокі позірк Маці Божай на гэтым абразе, звярнуў увагу, што адчуваю сябе як быццам дома, у Гродне, бо аблічча Багародзіцы і Яе позірк такія блізкія і родныя. І ў гэты момант я сказаў сабе: “Яна ж тая самая — Матуля, якая сочыць за намі, якая моліцца за нас, якая вядзе нас да надзеі”, – распавёў іерарх.

kangregacja 5

Ён адзначыў, што Панна Марыя “перажывае мукі, не пазбягае цярпення, але перамагае праз надзею, праз вернасць, праз мацярынскую прысутнасць”. “Яна не толькі Маці Езуса, але і наша Маці, бо мы праз хрост сталі сынамі і дочкамі Бога. Мы больш не нявольнікі граху, страху, безнадзейнасці. Мы спадкаемцы надзеі, мы дзеці Божыя, і Марыя — наша Маці, – сказаў біскуп. – Сутнасць Яе апостальства надзеі – накіроўваць нас да Езуса, давяраць Яму, нават калі не разумеем, што адбываецца”.

“Гэты абраз – не толькі гістарычны помнік, не толькі каштоўная ікона, – дадаў іерарх, кажучы пра абраз, змешчаны ў гродзенскай катэдры. – Гэта жывое сведчанне прысутнасці Марыі ў жыцці нашай дыяцэзіі. Колькі пакаленняў глядзела на Яе! Колькі малітваў было прамоўлена тут!”

“Яна запрашае нас не стаяць на месцы, не губляць надзею, а стаць апосталамі надзеі ў сучасным свеце. Бо так шмат людзей сёння жыве ў страху, у адзіноце, у пустэчы. Яны шукаюць віна радасці, але знаходзяць толькі ваду будзённасці. І вось мы — паколькі мы пілігрымы — можам стаць тымі, хто прынясе ім Хрыста, – заўважыў біскуп. – Варта не толькі глядзець на Яе вобраз, але і слухаць Яе. Яна не шмат гаворыць у Евангеллі, але кожнае слова мае глыбіню”.

“Гродна заўсёды быў горадам Марыі. Сюды, у нашу катэдру, у Кангрэгацкую капліцу, вернікі прыходзяць пакаленне за пакаленнем — з надзеяй, з болем, з удзячнасцю. Колькі разоў наш народ перажываў цяжкія часы: войны, пераслед, разбурэнні — але Маці Божая заставалася з намі. Яе позірк на абразе не змяняўся — спакойны, поўны любові, адкрыты на нашы сэрцы, – сказаў іерарх. – Сёння мы мусім зрабіць усё, каб гэтая духоўная спадчына не згасла. Нашы дзеці і ўнукі павінны ведаць, што тут, у сэрцы Гродна, жыве Марыя, якая моліцца за іх, якая вядзе іх да надзеі”.

kangregacja 7

Біскуп прапанаваў кожнаму падумаць над пытаннямі: “Што азначае для мяне Марыя?”, “Ці давяраю я Яе заступніцтву?”, “Ці іду да Езуса, як Яна запрашае?”, “Ці дазваляю Яе словам сфармаваць маё жыццё?” “Можа, ты страціў надзею? Можа, твая вера стала халоднай? Сёння Марыя кажа табе: “Я з табой. Не бойся. Ідзі. Даверся Богу”. (…) Давайце сёння, стоячы перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай, паглядзім Ёй у вочы. Не толькі з вонкавай пашанай, але з прагненнем надзеі ў сэрцы. І даверым Ёй усё: нашыя сем’і, дзяцей, моладзь, хворых, тых, хто пакутуе, Касцёл, айчыну”, – сказаў іерарх.

Ён заахвоціў вернікаў “усім сваім жыццём вызнаваць тую праўду, што мы пілігрымы надзеі”, і памятаць, што “разам з намі ідзе Марыя — у кожнай святыні, у кожным нашым ружанцы, у кожнай песні, прысвечанай Ёй, і асабліва тут — у абразе Маці Божай Кангрэгацкай”.

Пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі ў канцы Імшы падзякаваў біскупу за тое, што ён узначаліў урачыстасці, і за дар супольнай малітвы.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі